9 студзеня 2025

Зялёная эканоміка для Беларусі

Што можа даць беларусам зялёная эканоміка?

Ключавыя думкі

Аляксандра Мамаева
Аляксандра Мамаевакаардынатарка па зялёнай эканоміцы Эканамічнай каманды ОСЦ

Галоўнае:
  • «Беларусы не могуць сабе дазволіць не займацца зялёнай эканомікай, таму што пакідаць усё як ёсць значна даражэй»;
  • «Галоўнае — не перашкаджайце беларусам, і яны зробяць цудоўную краіну і пабудуюць цудоўную зялёную эканоміку»;
Пра людзей:
  • «Трэба ўкладацца ў людзей, бо галоўная каштоўнасць — гэта не грошы, не заводы і калгасы, а людзі»;
  • «Па-першае, зялёная эканоміка — гэта пра наша здароўе і працаздольнасць, па-другое, пра новыя прадпрыемствы і працоўныя месцы, а таксама пра развіццё інфраструктуры»;
Пра дзяржаву:
  • «Дзяржава стрымлівае развіццё ва ўсіх сферах, якія датычацца зялёнай эканомікі»;
  • «Дзяржава павінна займацца стварэннем роўных умоваў для ўдзелу, нармальнага інвестыцыйнага клімату і інфраструктуры»;
  • «Наступная задача — не перашкаджаць развіццю аднаўляльнай энергетыкі і ствараць агульную збалансаваную сістэму»;
Пра грошы:
  • «Кожны год у энергетычны сектар Беларусі інвесціруюцца 6 мільярдаў даляраў, і гэтыя грошы можна інвеставаць па-іншаму»;
  • «Беларусь з 2026 года будзе выплачваць штогод каля 200 мільёнаў долараў падаткаў на выкіды вуглякіслага газу ў бюджэт ЕС»;
Пра газ:
  • «Гэта два паралельныя працэсы: скарачэнне спажывання газу і яго замяшчэнне»;
  • «Біягаз можа замяніць расейскі прыродны газ»;
  • «Калі Расея адключыць Беларусі газ, запасаў у газасховішчах хопіць максімум на 2 тыдні. Газасховішчы Беларусі належаць Расеі».

Высновы

Скупы плаціць двойчы

З кожным годам разрыў паміж краінамі, якія інвестуюць, і тымі, якія не інвестуюць у зялёную эканоміку, будзе павялічвацца. Пераразмеркаванне сродкаў на развіццё зялёнай эканомікі сёння можа значна палепшыць становішча Беларусі праз 25 гадоў.

Развіццё зялёнай эканомікі патрабуе сістэмных змен, змены стратэгічнага погляду на развіццё энергетыкі, у тым ліку пераразмеркавання інвестыцый і паступовага замяшчэння звыклых практык і падыходаў. Каб гандляваць з развітымі краінамі, неабходна вырабляць тавары ў адпаведнасці з іх экалагічнымі нормамі. Каб забяспечыць энергетычную незалежнасць краіны, трэба ствараць уласную аўтаномную сістэму і падрыхтаваную інфраструктуру.

Зялёная эканоміка карысная для ўсяго грамадства і кожнага сектара эканомікі, жыццё кожнага беларуса будзе паляпшацца. І наадварот, калі неабходныя змены не будуць зроблены, якасць жыцця і эканамічнае становішча беларусаў будуць пагаршацца. Са стратэгічнага пункту гледжання беларусы не могуць сабе дазволіць не займацца зялёнай эканомікай, бо гэта занадта дорага.

 

Канспект

***

Майстэрня думак “Наша Візія” абмеркавала будучыню пабудовы зялёнай эканомікі ў Беларусі. Не маючы стратэгічнай візіі, кіраўніцтва Беларусі ніколі ўсурё’з не клапацілася пра экалагічную ўстойлівасць і доўгатэрміновыя наступствы сваёй дзейнасці для навакольнага асяроддзя. Эканоміка пры гэтым разглядаецца ўладамі хіба што ў звязцы з палітыкай, але дакладна не з яе ўздзеяннем на прыроду.

Сваю візію прадставіла:

  • Аляксандра Мамаева – каардынатарка па зялёнай эканоміцы Эканамічнай каманды ОСЦ.

Вадзім Мажэйка – мадэратар дыскусіі, каардынатар “Нашай Візіі”.

***

Ці дарасла Беларусь да зялёнай эканомікі?

Аляксандра Мамаева выказвае думку, што беларусы не могуць сабе дазволіць не займацца зялёнай эканомікай, таму што пакідаць усё як ёсць значна даражэй. Кожны год у энергетычны сектар Беларусі інвестуюцца 6 мільярдаў даляраў, і гэтыя грошы можна інвеставаць па-іншаму. Напрыклад, у Еўропе інвестыцыі ў зялёны сектар перанакіроўваюцца з іншых сектараў. Замест газавай электрастанцыі можна пабудаваць ветравую электрастанцыю. Каб зрабіць Беларусь цалкам зялёнай у энергетыцы і транспарце, трэба каля 120 мільярдаў даляраў да 2050 года, але 36 мільярдаў ужо і так накіроўваліся на гэта, плюс эканомія на сыравіну, на тую ж нафту, гэта яшчэ каля 60 мільярдаў. Такім чынам мы атрымаем збалансаваную, бяспечную, зялёную энергетычную сістэму Беларусі.

Аляксандра Мамаева адзначае, што зялёная энергетыка ў Беларусі не развіваецца не таму, што недастаткова сонца, ветру і гэтак далей. Міжнароднага агенцтва па аднаўляльнай энергіі IRENA падлічыла, што ўсяго хапае. Тут пытанне, як збалансаваць усю гэтую сістэму. Далейшая задача — не перашкаджаць развіццю аднаўляльнай энергетыкі, і ствараць агульную збалансаваную сістэму.

У Беларусі толькі 3–4 адсоткі — гэта аднаўляльная энергія, таму што былі ўведзены квоты на ўвядзенне ў строй аб’ектаў зялёнай энергетыкі. Такім чынам кожны можа паставіць на хату сонечную панель, але ён не можа падключыць яе ў сетку. Таму ў 2021 годзе толькі сёмая частка заявак бізнесоўцаў атрымала дазвол і абяцанне, што электрастанцыю ўключаць у сетку. Дзяржаве не выгадна зялёная эканоміка, бо пабудаваная атамная электрастанцыя. І ёсць пытанне інвестыцыйнага клімату: быў прыклад, калі брытанская кампанія пасля паўгода працы падала на банкруцтва, а потым электрастанцыю нацыяналізавалі. Замежным партнёрам будзе потым вельмі цяжка весці бізнес, пераступіць праз гэты псіхалагічны бар’ер і інвеставаць у зялёную эканоміку Беларусі.

Адказваючы на пытанне, чым развіццё зялёнай эканомікі палепшыць жыццё беларусаў, Аляксандра Мамаева разважае, што, па-першае, страты ад змены клімату і забруджвання паветра ў Беларусі — гэта мінус 6% ВУП праз выдаткі на лекаванне людзей, нагрузку на медыцынскую і сацыяльную сістэмы, зніжэнне эфектыўнасць працы. Гэта датычыцца кожнага чалавека, і калі мы нічога не будзем рабіць, сітуацыя будзе пагаршацца.

Аляксандра Мамаева тлумачыць, што развіццё зялёнай эканомікі — гэта перанакіраванне сродкаў, прыцягненне інвестыцый, стварэнне новых бізнесаў, новыя працоўныя месцы, што дае шмат плюсаў у розных сектарах. Еўропа з 2026 года ўводзіць механізм трансгранічнага карбонавага рэгулявання — падаткі на выкіды вуглекіслага газу. І калі ў краіне гэтыя падаткі не заплачаны, іх трэба будзе заплаціць на мяжы ў бюджэт ЕС. Таму Беларусь з 2026 года будзе выплачваць каля 200 мільёнаў даляраў штогод у бюджэт ЕС. 

Ці можа зялёная эканоміка забяспечыць энергетычную незалежнасць Беларусі?

Аляксандра Мамаева ўпэўнена, што доўгатэрміновая мэта — гэта скарачэнне спажывання расейскага газу і развіццё зялёнай эканомікі. Бо калі Расея адключыць Беларусі газ, запасаў у газасховішчах хопіць максімум на 2 тыдні. Ды і газасховішчы Беларусі належаць Расеі.

Зялёная энергетыка Беларусі мае вельмі вялікі патэнцыял, падкрэслівае Аляксандра Мамаева, і вызначае чатыры асноўныя крыніцы: сонечная і ветравая энергетыка, біягаз і вадарод. Біягаз можа замяніць расейскі прыродны газ. Па ацэнцы энергетычнага агенцтва IRENA Беларусь можа замяніць 54 адсоткі расейскага газу аднаўляльнай энергіяй. На прыкладзе ЕС гэта два паралельныя працэсы: скарачэнне спажывання газу і яго замяшчэнне. За год Еўрасаюз скараціў долю газу, які купляў у Расеі, з 40 да 10 адсоткаў.

Аляксандра Мамаева прапаноўвае глядзець на кошт зялёнай эканомікі ў доўгатэрміновай перспектыве. І задае пытанне: колькі каштуе незалежнасць і будучыня краіны, і колькі мы губляем з-за таго, што не развіваем зялёную эканоміку? Размаўляючы пра беларускую прамысловасць, дзе ў энергаэфектыўнасць ніхто не ўклаў, паўстае вялікая праблема: гэтай прадукцыяй мы не зможам гандляваць з Еўропай, таму што яна не адпавядае экалагічным стандартам. Трэба вырабляць тое, што можна прадаваць у краіны багацейшыя за нас.

Навошта зялёная эканоміка простаму беларусу?

Аляксандра Мамаева лічыць, што, па-першае, зялёная эканоміка — гэта пра наша здароўе і працаздольнасць: чыстае паветра і вада, больш якасныя прадукты сельскай гаспадаркі, адпачынак у зялёных гарадах. Па-другое, гэта пра новыя прадпрыемствы і працоўныя месцы, а таксама развіццё інфраструктуры (дарогі, школы, шпіталі, аб’екты гандлю), што асабліва важна ў сельскай мясцовасці. Такія змены паспрыяюць прыцягненню інвестыцый і развіццю іншых сектараў, напрыклад, экатурызму.

Аляксандра Мамаева разважае пра сінергію на прыкладзе перапрацоўкі смецця: зараз перапрацоўваецца каля 25–27 адсоткаў, усё астатняе — гэта забруджванне на палігонах. Калі мы частку перапрацоўваем, напрыклад, арганічнае смецце выкарыстоўваем для вытворчасці біягазу і менш купляем расейскага газу — вось сувязь з энергетыкай. Па-другое, смецце — гэта сыравіна, і мы можам выкарыстоўваць яго другі раз, што зніжае выдаткі на закупку сыравіны — гэта сувязь з прамысловасцю.

Перапрацоўка смецця стварае ў 3–4 разы больш працоўных месцаў, чым спальванне. Закрыццё палігонаў палепшыць умовы для жыцця, развіцця сельскай гаспадаркі ў гэтай мясцовасці, а таксама станоўча паўплывае на біяразнастайнасць.

Аляксандра Мамаева тлумачыць, што перашкоды і квоты з боку дзяржавы выкліканыя жаданнем захаваць рэнтабельнасць атамнай электрастанцыі. Напрыклад, у 2021–2022 гадах іх наогул не было: не было магчымасці падключыцца да сеткі, фактычна дзейнічаў мараторый. Шмат інвестыцый робіцца ў газавыя энергасістэмы. Магчыма, ёсць і карупцыйны складнік.

Аб’ектыўная прычына, лічыць Аляксандра Мамаева, у тым, што ў Беларусі не падрыхтаваныя электрычныя сеткі ні на ўваход, ні на выхад электраэнергіі. Дзяржава павінна займацца стварэннем роўных умоў для ўдзелу, нармальнага інвестыцыйнага клімату і інфраструктуры.

Ідэя на мільён: людзі і інфраструктура.

Дзяржава стрымлівае развіццё, тлумачыць Аляксандра Мамаева, ва ўсіх сферах. На ўсю краіну ў нас толькі 26 арганічных гаспадарак, толькі 2 адсоткі ад усіх сельскагаспадарчых зямель належыць фермерам. Ва ўсіх сферах, якія датычацца зялёнай эканомікі – у энергетыцы, прамысловасці, бізнесе, сельскай гаспадарцы, кіраванні прыроднымі рэсурсамі, развіцці зялёнага транспарту — паўсюль ёсць стрымліваючая дзейнасць дзяржавы. Калі гэта дэрэгуляваць, прызнаць амбіцыю зрабіць Беларусь зялёнай у 2050 годзе, у Беларусь пойдуць інвестыцыі. Шкада губляць гэты шанец. Але патрэбны законы, сістэмы падаткаў, зразумелыя правілы гульні, роўныя для ўсіх, незалежная судовая сістэма, нармальны інвестыцыйны клімат. Таксама трэба распрацаваць зялёную таксаномію – пералік дзейнасцяў і крытэрыяў, што лічацца зялёнымі. Галоўнае — не перашкаджайце беларусам, і яны зробяць цудоўную краіну і пабудуюць цудоўную зялёную эканоміку.

Аляксандра Мамаева ўпэўнена, патрэбны ўмовы, патрэбна ўкладацца ў людзей, таму што галоўная каштоўнасць — гэта не грошы, не заводы і калгасы, а людзі. Патрэбна ўкладацца ў адукацыю, у стажыроўкі за мяжой, каб пераймаць вопыт, у стварэнне нармальнай дзяржаўнай сістэмы, якая стварае ўмовы, стандарты, гарантыі і інвестыцыйны клімат.

Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць