Якой мусіць быць дыпламатыя Новай Беларусі

Як надаць устойлівасці дыпламатычнай структуры, якая базуецца на статусе Ціханоўскай, і ці зменіцца сітуацыя пасля 2025 года

Ключавыя думкi

Павел Мацукевіч
Павел Мацукевічстарэйшы аналітык Цэнтра новых ідэй, раней часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі
  • Офіс Ціханоўскай (ОСЦ) мае вялікі патэнцыял для абароны правоў беларусаў замежжа, але акцэнт зроблены на іншым – ціск і ізаляцыя рэжыму”;
  • Асноўная функцыя дыпламатыі – гэта людзі і іх інтарэсы. Тыя сілы, якія адарваліся ад інтарэсаў людзей, апынуцца не пры справе”;
  • Ні адзін, ні другі бок цалкам не адпрацоўвае грамадскі запыт”;
  • Мы частка еўрапейскай сямʼі, і наша [культурная] спадчына гэта пакажа”.
Павел Слюнькін
Павел Слюнькінасацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), раней першы сакратар упраўлення Еўропы МЗС РБ
  • “Дэмсілам трэба быць з беларусамі, таму што перш за ўсё для размовы з еўрапейскімі палітыкамі патрэбна наяўнасць уплыву і магчымасць заклікаць беларускае грамадства да дзеяння”;
  • “За мяжой жыве шмат больш прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі, чым рэжыму, але гэтыя людзі жывуць сваім жыццём”;
  • “Пры адсутнасці данясення альтэрнатыўнай інфармацыі будзе і іншы парадак дня, якая будзе ўплываць на стратэгіі іншых дзяржаваў па Беларусі”;
  • “Дыпламатыя – гэта пра тое, што адбываецца пасля сустрэчы, і вось тут [у ОСЦ] праблема: для гэтага няма рэсурсаў і кадраў”;
  • “Людзі, якія нам патрэбныя – гэта рэдкія кадры, таму мае сэнс укладвацца ў людзей”.

Высновы

Тры крокі да дыпламатыі Новай Беларусі

Быць з беларусамі: праца з дыяспарай і адказ на запыт людзей

Праца з дыяспарай – тонкая і сістэмная, яна павінна браць і даваць у абодва бакі. Трэба адказваць на запыт людзей і клапаціцца пра іх інтарэсы. 

За межамі Беларусі жыве больш беларусаў прыхільнікаў дэмакратыі, але палітычныя пытанні не з’яўляюцца пытаннямі нумар адзін у іх жыцці. Таму трэба размаўляць з гэтымі людзьмі, і нават калі іх інтарэсы не суадносяцца з акцэнтамі ў працы Офіса Ціханоўскай.

Кадры: падтрымка зараз і падрыхтоўка на будучыню

Дыпламатыя патрабуе шмат рэсурсаў, таму што акрамя знешне бачных дзеянняў (сустрэчы і перамовы) павінна адбывацца штодзённая праца, і менавіта для гэтага Офіс Ціханоўскай не мае а ні рэсурсаў, а ні кадраў. Таксама неабходна сістэмна падыходзіць да падрыхтоўкі кадраў для будучыні, дапамагаючы таленавітай моладзі набыць не толькі веды, але і ўсталёўваць сувязь і атрымліваць добрыя кантакты з дыпламатычным корпусам іншых краін.

Культурная дыпламатыя: пошук беларускай спадчыны ў Еўропе і месца ў еўрапейскай сям’і.

Трэба аднавіць гістарычную спадчыну Беларусі, значная частка якой па розных прычынах страчаная. Аднаўленне спадчыны – гэта не нагода для канфлікту і спрэчак, а нагода знайсці сувязі і агульныя карані; убачыць, што беларусы заўсёды былі ў еўрапейскай сям’і, пакуль не былі адтуль вырваныя. Усведамленне беларусаў еўрапейцамі – гэта важны крок на шляху да Новай Беларусі.

Канспект

Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць абнаўленне беларускай дыпламатыі. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для гэтай дыскусіі – якой мусіць быць дыпламатыя Новай Беларусі?

Беларуская незалежная дыпламатыя – адзін з самых паспяховых кірункаў развіцця Новай Беларусі. Офіс Ціханоўскай і Народныя амбасады адзначыліся шэрагам беспрэцэдэнтных знешнепалітычных поспехаў, у першую чаргу звязаных з адвакацыяй інтарэсаў беларусаў за мяжой. Адначасова з гэтым адбываецца дэградацыя знешняй палітыкі Беларусі, страты кадраў і амбасадаў.

Свае візіі прадставілі:

  • Павел Мацукевіч – старэйшы аналітык Цэнтра новых ідэй, раней часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі;
  • Павел Слюнькін – асацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), раней першы сакратар упраўлення Еўропы МЗС РБ.

Апанент – Алякандр Атрошчанкаў, журналіст Reform.by.

Мадэратар дыскусіі – Цімох Акудовіч.

Каардынатар “Нашай Візіі” – Вадзім Мажэйка.

Дзве асобныя дыпламатычныя прасторы Беларусі

Павел Мацукевіч адзначае, што кожная з беларускіх дыпламатый – афіцыйная (МЗС) і офіса Ціханоўскай (ОСЦ) – спрабуе вырашыць свае задачы. У той час, як МЗС спрабуе прарваць ізаляцыю, забяспечыць легітымнасць рэжыму і знайсці новыя рынкі для беларускіх прадпрыемстваў, ОСЦ імкнецца ўзмацніць і пашырыць ізаляцыю, пакінуць рэжым нелегітымным і перакрыць яму доступ да новых рынкаў. А церпяць ад гэтых супрацьлеглых рухаў, на меркаванне Мацукевіча, цярпяць інтарэсы Беларусі і беларусаў. 

Павел Слюнькін звяртае ўвагу, што магчымасцяў у дыпламатыі МЗС адпаведна больш, бо яна сядзіць у Мінску, што робіць яе ў вачах па-за заходнім светам адзінай сілай, якая прадстаўляе Беларусь. І нават з Захаду – краінаў развітой дэмакратыі, ЕС, ЗША, Канады, якія гатовыя ўцягвацца ў наш кейс, – усё роўна ізаляцыя не поўная: захоўваюцца амбасады ў Мінску, працуюць дыпламатычныя службы.

Таму, упэўнены Слюнькін, важна быць сумленнымі перад сабой і не параўноўваць наўпрост МЗС і ОСЦ, пазбягаць завышаных чаканняў, бо гаворка пра зусім розныя рэсурсы. МЗС забяспечаны за кошт падаткаў, якія прымусова збіраюць з людзей, ды і не толькі МЗС уцягнуты ў афіцыйны дыпламатычны працэс.

ОСЦ жа не мае такіх рэсурсаў, людзей і фінансаў. Ён спрабуе выкарыстаць цяперашнія магчымасці для інстытуцыялізацыі стасункаў дэмакратычных сілаў з заходнімі партнёрамі, а таксама фарміраваць адносіны з еўрапейскімі парламентамі (групы сяброўства з Беларуссю раней існавалі ў адзінкавых краінах, а зараз гаворка ідзе пра дзясяткі). Гэта ўсё робіцца каналамі данясення альтэрнатыўнай інфармацыі пра Беларусь, без якой на Захадзе быў бы іншы парадак дня, што ўплывала бы на стратэгіі тых дзяржаваў па выбудоўванні адносін з Беларуссю. Але праблема ОСЦ – недахоп кадраў, бо дыпламатыя – гэта пра тое, што адбываецца пасля сустрэчы, а на гэта акурат нестае рэсурсаў.

Павел Мацукевіч настойвае на тым, што ні адзін, ні іншы бок цалкам не адпрацоўвае грамадскі запыт. Маючы нашмат больш рэсурсаў, дзяржава не выконвае свае функцыі: не аказвае консульскую дапамогу беларусам за мяжой, пазбавіла магчымасці галасаваць. Але і дыпламатыя ОСЦ таксама не дапрацоўвае, б мае вялікі патэнцыял для абароны правоў беларусаў замежжа, але акцэнт зроблены на іншым – ціск і ізаляцыя рэжыму.

А паколькі асноўная функцыя дыпламатыі – гэта людзі і іх інтарэсы, то  тыя сілы, якія адарваліся ад інтарэсаў людзей, апынуцца не пры справе. Мацукевіч лічыць магчымай дэвальвацыю персаналій і з’яўлення іншага лідара дэмакратычных сілаў. А паколькі для дэмакратычнага свету змена персаналій у палітыцы нармальная справа, то калі мы будзем казаць, што лідар нязменны – мы будзем супярэчыць самі сабе.

Хто трымае беларускае пытанне на парадку дня

Аляксандр Атрошчанкаў мяркуе, што заслуга дыпламатыі ОСЦ – захаванне Беларусі на парадку дня цягам трох год, нягледзячы на іншыя вельмі значныя падзеі ў рэгіёне. І варта засяродзіцца на тым, каб падтрымліваць гэту цікавасць, і больш эфектыўна даносіць інфармацыю аб Беларусі.

Павел Мацукевіч думае іначай: ўтрыманне беларускай тэмы на парадку дня зыходзіць больш з дзеянняў рэжыму, на якія рэагуе ўвесь астатні свет, як з прымусовай пасадкай самалёта. Ды і што ўвогуле не варта пераацэньваць важнасць данясення інфармацыі – бо ў Беларусі па-ранейшаму працуюць амбасады заходніх краін, яны збіраюць інфармацыю на месцы, а ўзаемадзеянне з ОСЦ  – гэта хутчэй палітыка, усвядомлены выбар гэтых дзяржаў.

Павел Слюнькін не згаджаецца: у дыпламатыі павінна быць магчымасць размаўляць з прадстаўнікамі розных груп у грамадстве. А ў сённяшняй Беларусі дыпламатам няма магчымасці размаўляць з прадстаўнікамі палітычных партый, НДА, экспертнай супольнасці, незалежных СМІ. І для гэтага заходнія краіны маюць зносіны з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі, каб ствараць інфармацыйны баланс у сваіх МЗСах.

Ідэі на мільён: праца з дыяспарай, культурная спадчына, чалавечы капітал

Павел Мацукевіч прапануе выдаткаваць умоўны мільён на культурную дыпламатыю, а менавіта на пошук і вяртанне нацыянальных культурных каштоўнасцяў беларусам, увекавечванне беларускай памяці. Вядома, Шагала за мільён не набудзеш нават адну карціну, але тыя ж слуцкія паясы сабраць можна. Мацукевіч прапануе захоўваць часовую экспазіцыю ў Польшчы, каб пасля вяртацца ў Беларусь са скарбамі. Але ўжо зараз такі збор і дэманстрацыя можа стаць адкрыццём для многіх еўрапейскіх палітыкаў – як Беларусь даўно была часткай еўрапейскай сям’і, вялікія гістарычныя карані нашых сувязяў з суседзямі.

Гэта таксама дапаможа атрымаць эфект тут і цяпер, бо “кажучы пра Новую Беларусь – мы гаворым аб адкладзеным жыцці”. Мацукевіч лічыць вартым рэалістычна рабіць фокус на працу з дыяспарай, бо за мяжой жыве шмат больш прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі, чым рэжыму. Але гэтыя людзі жывуць сваім жыццём, ніхто з імі не размаўляе, іхны патэнцыял пакуль страчаны. І ў выніку калі на сустрэчы з дыяспарай, арганізаваныя МЗС, у 2020 годзе амаль ніхто не хадзіў, то цяпер там па фотаздымках значна болей людзей. Таму трэба адказваць на запыт людзей, якія імкнуцца да сувязі з радзімай, і ствараць структуры, якія будуць рэгулярна працаваць з дыяспарай.

Павел Слюнькін ашчадна прапануе частку мільёна інвеставаць, каб грошы прыносілі даход на будучую дзейнасць. А ўкладаць грошы ў адукацыю і кампетэнцыі людзей, якія зацікаўленыя ў зменах у Беларусі. 

Тут і цяпер патрэбныя адмыслоўцы з высокімі кампетэнцыямі, рэдкія кадры, якія не кінуць сваю працу дзеля незразумелых перспектываў. Дэмакратычная дыпламатыя не можа доўга трымацца на ідэалістах, якія ахвяравалі сваімі іншымі кар’ерамі, паверыўшы ў ідэю. А пра стабільнасць ці высокі заробак там цяпер гаворкі няма. Таму Слюнькін прапануе вырашаць кадравае пытанне, не шкадуючы грошай на адмыслоўцаў.

Але і на будучыню патрэбны спецыялісты, якія будуць гатовы весці дыпламатычную працу: размаўляць на замежных мовах, разумець спецыфіку рэгіёнаў, разбірацца ў неабходных напрамках. Слюнькін прапануе выкарыстаць досвед казахстанскай праграмай “Будучыня”, калі маладзёнаў за дзяржаўныя грошы накіроўваюць вучыцца ў лепшыя ўніверсітэты свету, каб яны вярталіся дадому і з кампетэнцыямі і карыснымі кантактамі. Слюнькін лічыць, то было б вельмі добра мець аналаг такой праграмы і такіх людзей у дэмсілах.

Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць