3 верасня 2024

Медыцына будучай Беларусі

Як пабудаваць медычную сістэму (для) здаровага чалавека

Ключавыя думкі

Лідзія Тарасенка
Лідзія ТарасенкаЛекар-эндаскапіст, каардынатарка Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці (BMSF)
  • “Мы не ведаем, якая ў Беларусі сістэма аховы здароўя – і тыя, хто ўнутры краіны, таксама гэтага не ведаюць, сапраўднай статыстыкі проста няма”;
  • “Медыцына для эмігранта і медыцына для грамадзяніна – гэта дзве розныя рэчы ў любой краіне”;
  • “Чым круцейшым будзе кожны беларус, тым круцейшым будуць беларусы ўсе разам як нацыя”;
  • “Значна больш людзей аб’ядноўваліся б, калі было б больш менеджменту. Абараніць інтарэсы, змяніць нават невялікі пункт у заканадаўстве становіцца магчымым толькі дзейнічаючы разам”.
Станіслаў Салавей
Станіслаў СалавейАкушэр-гінеколаг, намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету
  • “Няма ніводнай краіны ў свеце, дзе людзі былі б цалкам задаволеныя сваёй медыцынай”;
  • “Інфаркт у Лунінцы і інфаркт у Мінску – людзі атрымаюць абсалютна розную дапамогу”;
  • “Асноўная мэта нашага Міністэрства аховы здароўя – паказаць прыгожую карцінку, проста наяўнасць доктара, а яго якасць ужо не цікавіць”;
  • “Міграцыя медыкаў – гэта агульнасусветная тэндэнцыя”.
Зміцер Лукашук
Зміцер ЛукашукЖурналіст і рэдактар Еўрарадыё
  • “Для мігрантаў з Беларусі патрэбен хтосьці, хто дапаможа разабрацца, у якім кірунку ісці, як трапіць у сістэму аховы здароўя за мяжой і не разгубіцца”;
  • “Трэба патлумачыць людзям карысць ад таго, што ты не губляеш сваіх”.

Высновы

Што вядома пра стан нашай медыцыны? Якая б яна не была, яна працягвае працаваць. Ёсць адток медыкаў з краіны, перабоі з пастаўкамі лекаў, недаступнасць медыцынскай дапамогі ў невялікіх населеных пунктах. Але насамрэч беларусы і за мяжой, і ўнутры краіны ўсё менш і менш ведаюць пра сапраўдны стан медыцыны, бо праблемы мэтанакіравана замоўчваюцца, а статыстыка хаваецца.

Беларуская медыцына vs польская. І там, і там хапае праблем. Да таго ж медыцына для эмігранта адрозніваецца ад медыцыны для грамадзяніна ў любой краіне. У Польшчы людзі плануюць свае візіты да лекараў і абследаванні загаддзя, тады як беларусы прызвычаяліся да хуткага доступу да лекара. Але для забеспячэння хуткага доступа часам паступаюцца якасцю падрыхтоўкі.

З’езд беларускіх медыкаў ў Польшчы: ці патрэбна кааперавацца ў эміграцыі? Больш за ўсё кааперацыя патрэбна у першыя гады пасля міграцыі, прытым як медыкам, якія хочуць пацвердзіць дыплом і працягваць сваю медыцынскую практыку, гэтак і звычайным беларусам, каб разабрацца, як атрымаць медыцынскую дапамогу. 

Беларускім медыкам трэба старацца максімальна інтэгравацца ў мясцовую сістэму аховы здароўя, аднак кааперацыя на культурных і сацыяльных падставах добра ўплывае як на асабістым, гэтак і на глабальным узроўні. Аб’ядноўваючыся можна дапамагчы адзін адному адаптавацца ў эміграцыі і палепшыць умовы жыцця для беларусаў нават на дзяржаўным узроўні. Кааперацыя на культурных падставах, у сваю чаргу, дапаможа не губляць сувязь з радзімай.

Ідэі на мільён: што можна рабіць ужо зараз? Задача мінімум – захаваць сваё ментальнае здароўе для будучыні. Акрамя гэтага можна выкарыстоўваць час і магчымасці для атрымання добрай адукацыі, абмена ведамі і вопытам, развіцця тэлемедыцыны і падрыхтоўкі рэформаў сістэмы аховы здароўя. А каб палепшыць сітуацыю з атрыманнем медычнай дапамогі беларусам за мяжой, можна зрабіць кансультацыі і суправаджэнне па мясцовай медыцыне і пашыраць сетку кантактаў беларускіх дактароў за мяжой у аплікацыі “Новая Беларусь”.

Канспект

Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць медыцыну ў Беларусі. Што можна зрабіць ужо зараз, каб здароўе беларусаў захоўвалася да светлай будучыні? Як захаваць каштоўны рэсурс лекараў-спецыялістаў і дапамагчы ім працягнуць практыку за мяжой? 

Свае візіі прадставілі:

  • Лідзія Тарасенка – лекар-эндаскапіст, каардынатарка Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці (BMSF).
  • Станіслаў Салавей – акушэр-гінеколаг, намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету.
  • Зміцер Лукашук – журналіст і рэдактар Еўрарадыё.

Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.

***

Які зараз стан сістэмы аховы здароўя ў Беларусі і якія есть праблемы?

Станіслаў Салавей адзначае, што нельга сказаць, быццам сістэма аховы здароўя у Беларусі зламалася і ўвогуле не працуе. Ды і няма ніводнай краіны ў свеце, дзе людзі былі б цалкам задаволеныя сваёй медыцынай: гэта альбо дорага, альбо недаступна, альбо чагосьці не хапае.

Разам з тым, найбольш вострыя праблемы беларускай сістэмы аховы здароў’я – гэта адток медыкаў з краіны, перабоі з пастаўкамі лекаў, недаступнасць медыцынскай дапамогі ў невялікіх населеных пунктах.

Адбываецца дэградацыя існуючай сістэмы, а таксама абвастрэнне праблемаў, якія існавалі раней. Гэта мае назапашвальны эфект: улады рэагуюць на праблемы звыклым ім спосабам – закручваннем гаек, што прыводзіць да яшчэ большага назапашвання праблем. Рана ці позна гэтая спружына стрэліць – і, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пасля заканчэння дыктатуры, калі нельга будзе як зараз закрываць праблемы загадамі, якія парушаюць законы.

Станіслаў Салавей, як прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, займаецца распрацоўкай аварыйных рэформаў. Яны патрэбныя каб забяспечыць бесперапыннае функцыянаванне сістэмы аховы здароўя ў пераходны перыяд і выйграць час для яе перабудовы.

Лідзія Тарасенка адзначае, што паводле міжнародных рэйтынгаў Беларусь за апошнія пяць гадоў знаходзіцца ўнізе спісу, у чым таксама адыграла сваю ролю пандэмія Ковід-19. І гэта нават паводле афіцыйнай статыстыкі, якая моцна прыхарошана.

Ёсць розныя паказчыкі, па якіх ацэньваецца стан сістэмы аховы здароўя: колькасць лекараў на аднаго жыхара, колькасць ложкаў у лякарнях, колькасць хворых на анкалагічныя захворванні і г.д. Але калі ацэньваць кожны канкрэтны паказчык, то лёгка страціць агульную карціну.

Напрыклад, Беларусь традыцыйна ганарыцца наяўнасцю спецыялізаваных анкадыспансераў, што ёсць далёка не ва ўсіх краінах. Аднак калі паглядзець на колькасць анкалагічных захворванняў, якія выяўляюцца на позніх стадыях, то гэта больш за 50%, а калі ўзяць такі паказчык, як аднагадовая лятальнасць, то можна выявіць маніпуляцыі са статыстыкай. Калі ў дакументах указаны пачатковыя стадыі анкалогіі, а чалавек памірае на працягу года, то, хутчэй за ўсё, стадыя была прыніжана ў дакументацыі. Калі паглядзець на кожны з падобных паказчыкаў, то ён ці то схаваны, ці то зманіпуляваны.

Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці спрабуе, наколькі гэта магчыма, вылавіць сапраўдную статыстыку, і чым далей, тым складаней гэта робіцца, бо праблемы мэтанакіравана замоўчваюцца, а статыстыка хаваецца. Калі паглядзець сайт Белстата, то там ёсць канкрэтная намаляваная лічба, але няма ніякіх заходных дадзеных, метадалогіі разліку і паходжання гэтых лічбаў.

Лідзія падагульняе, што ніхто насамрэч не ведае, якая сістэма аховы здароўя ў нас у краіне, бо сапраўднай статыстыкі проста няма.

Ці беларуская медыцына лепшая за польскую?

Зміцер Лукашук сустракаўся з меркаваннем беларусаў у Польшчы, што беларуская медыцына лепей – бо мы прызвычаяліся, што мы можам патрапіць да спецыяліста цягам некалькіх дзён, а у Польшчы на гэты патрэбныя месяцы. Праўда, эфектыўна працуюць аддзяленні экстранай дапамогі. Зміцер зазначае, што для мігрантаў з Беларусі патрэбен хтосьці, хто дапаможа разабрацца, ў якім кірунку ісці, як патрапіць у гэтую сістэму і не разгубіцца. 

Станіслаў Салавей тут адзначае, што беларускі Мінздраў  выканаў сваю задачу: стварыў прыгожую карцінку. Першы кантакт з лекарам у адбываецца нас хутчэй, чым у Польшчы. Аднак вельмі часта звароты ў нашу паліклініку звязаны з тым, што па сутнасці не патрабуе ўдзелу лекара: аформіць бальнічны ліст, атрымаць накіраванне, даведку і г.д.. Пры гэтым час падрыхтоўкі лекара-спецыяліста нашмат меншы, чым у Польшчы. У нас ужо праз год пасля заканчэння ўніверсітэта ты ўрач-спецыяліст, які вядзе самастойны прыём. І тут пытанне: наколькі кампетэнтны чалавек, які адказвае за здароўе іншых людзей? У Беларусі дзейнічаюць законы, паводле якіх для захавання хуткага доступу да медыцыны можна зрабіць перападрыхтоўку тэрапеўта ў эндакрынолага за адзін месяц. Прытым, ты ўжо заўтра прызначаешся лекарам-эндакрынолагам і пачынаеш весці прыём, а на курсы працягласцю у месяц пойдзеш толькі цягам паўгода. Мэта – гэта проста наяўнасць доктара, а яго якасць ужо не цікавіць.

Лідзія Тарасенка адзначае, што ідэальных сістэм аховы здароўя няма, і у той жа польскай сістэме таксама ёсць вялізная колькасць праблем. Але беларускую і польскую сістэмы нашы чыноўнікі параўноўваюць не для таго, каб выправіць і ўдасканаліць нейкія працэсы, а для таго, каб самасцвердзіцца на іх фоне і сказаць, што мы малайцы.

Медыцына для эмігранта і медыцына для грамадзяніна – гэта дзве розныя рэчы ў любой краіне, сцвярджае Лідзія. Бо ты, не ведаючы мову, сутыкаешся з незразумелай і складанай сацыяльнай канструкцыяй.

Міграцыя беларускіх лекароў за мяжу: ці патрэбная кааперацыя?

Лідзія Тарасенка адзначае, што дыяспара значна меншая за колькасць беларусаў за мяжой, у тым ліку дыяспара медыкаў. Калі адны людзі аб’ядноўваюцца, то іншыя хочуць адгарадзіцца ад Беларусі праз крыўду і стомленасць.

За 4 гады актывізму Лідзіі стала зразумела, што дзейнічаючы разам можна зрабіць болей – абараніць інтарэсы, ці змяніць пункт у заканадаўстве. Нават часовыя калабарацыі з мэтай прасунуць нейкую прапанову ў законапраект – гэта заўсёды вельмі добра. Гэта тое, у што мы, беларусы, часам страцілі веру, і не разумеем, навошта нам гэта. Але ў дэмакратычных краінах гэта насамрэч працуе, і часам атрымліваеш ад гэтага вялікае задавальненне, бо бачыш вынік сваіх дзеянняў, дзеліцца Лідзія.

Станіслаў Салавей адзначае, што дэфіцыт медыкаў ёсць у вялікай колькасці краін, а іх міграцыя – агульнасусветная тэндэнцыя. Але цяжкасці для працягу медыцынскай практыкі стандартныя для практычна ўсіх цывілізаваных краін, дзе моцныя дзяржаўныя інстытуты: трэба вывучыць мову краіны, у якую ты прыехаў, пацвердзіць дыплом і атрымаць права на практыку. Часта гэтыя працэсы расцягваюцца на гады, бо ахова здароўя – гэта вельмі зарэгуляваная сфера ў любой краіне. 

З’езд беларускіх медыкаў ў Польшчы – гэта магчыма?

Лідзія Тарасенка думае, што калі б узяліся за арганізацыю такой канферэнцыі, то яна б прайшла на ўра. На яе думку, значна больш людзей аб’ядноўваліся б, калі было б больш менеджменту.

Зміцер Лукашук адзначае, што трэба патлумачыць людзям карысць ад таго, што ты не губляешь сваіх. Ён прыводзіць прыклад, як на пляцоўцы канферэнцыі АBBA сустрэліся два беларуса з розных бізнэсаў: адзін з іх ужо нейкі час працаваў у Польшчы, а другі не ведаў з чаго пачаць, і першы даў яму кірунак, у якім рухацца. Гэта могуць быць нават не толькі медык з медыкам, а беларусы з розных сфераў. 

Станіслаў Салавей адказвае на гэта, што ў медыкаў у эміграцыі ёсць перасячэнні толькі ў першыя пару гадоў, калі праходзіш этапы легалізацыі ў адной краіне. Таму ён мяркуе, што медыцына тут не стане кропкай судакранання, а культура – так. Ідэя фармавання дыяспар добрая, але як культурны пласт, для тых, хто не хоча губляць сувязь з радзімай, падсумоўвае Станіслаў.

Ідэя на мільён

Станіслаў Салавей лічыць, што большасць лекараў, якія з’ехалі, не вернуцца, бо кожны пераезд – гэта стрэс, і трэба сваё жыццё будаваць нанова. Але і міграцыю можна выкарыстаць на карысць Беларусі, для абмену ведамі і досведам: напрыклад, запрашаць даваць майстар-класы ці лекцыі беларускіх лекараў, якія працуюць за мяжой, ці наадварот, запрашаць беларусаў за мяжу на стажыроўкі.

Таксама можна прыцягваць беларусаў, якія працуюць за мяжой, у тэлемедыцыну, гэта значыць запрашаць іх даваць кансультацыі дыстанцыйна. Такі шлях магчымы ўжо сёння, у тым ліку на платформе “е-Здароў’е”, аднак зараз яму не хапае фінансавых і чалавечых рэсурсаў.

Станіслаў падкрэслівае патрэбу працаваць над рэформамі сістэмы аховы здароўя, пастаянна абнаўляць і адаптаваць іх. Так, магчыма ў пэўны перыяд гэта будзе праца “у стол”, але тут важна не ўпусціць момант змен, і пры гэтым захаваць сістэму аховы здароўя ў працуючым стане, каб людзі маглі атрымліваць своечасовую медыцынскую дапамогу.

Лідзія Тарасенка лічыць, што ў першую чаргу трэба паклапаціцца пра сябе і сваё ментальнае здароўе, а таксама імкнуцца атрымаць максімальную колькасць навыкаў, досведу, ведаў, стаць прафесіяналамі ў абранай сферы.

У Зміцера Лукашука ёсць ідэя наконт кансультантаў па медыцыне за мяжой, каб дапамагчы скіравацца на першых этапах: як запісацца ў паліклініку, зрабіць страхоўку і куды пайсці. Можа нават суправаджэнне, калі чалавек не ведае мовы. 

З абмеркавання нерэалістычнай ідэі “беларускай клінікі поўнага цыклу за мяжой” нарадзілася думка развіваць медыцынскі напрамак мапы паслугаў у аплікацыі “Новая Беларусь” – каб на мапе былі пазначаныя белаурскія лекары ў розных медустановах за мяжой, да якіх можна запісацца на прыём.

Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць