Будучыня вышэйшай адукацыі Беларусі
Якімі мусяць быць беларускія ўніверсітэты для будучыні і ў будучыні?
- “Патэнцыял беларусаў за мяжой – гэта патэнцыял усей Беларусі ў будучыні”;
- “Нам трэба падрыхтаваць як мага больш людзей, якія здолеюць зрабіць перамены на Беларусі”;
- “Наш паход у Еўропу – гэта пытанне быць ці не быць. Не пойдзем у Еўропу – станем часткай Расеі”;
- “Мы былі і ёсць найбольш блізкай да Еўропы часткай з усходняга боку кантыненту. Гэта трэба ў сябе ўпэўніць і прадаваць на еўрапейскім палітычным рынку”;
- “Захад цікавіць не нацыянальнае адраджэнне, а бяспека. Беларусь можа стаць у рэгіёне лакаматывам зменаў [якія забяспечаць гэтую бяспеку]”.
- “Ёсць патрэба стварыць сталую, структураваную веду пра Беларусь, таму што ў больш сістэмным прасторава-часавым сэнсе Беларусі не існуе”;
- “Знешні рынак у нацыянальным фармаце не зацікаўлены. На ўзроўні палітыкі і акадэміі гэта ўжо ўчорашні дзень”;
- “Нацыянальны фармат важны для ўнутранага рынку: трэба ствараць сучасны, мадэрнізаваны, інтэрдысцыплінарны нацыянальны прадукт, які можна было бы распаўсюдзіць у публічнай прасторы”.
- “Важна развіваць лічбавы накірунак стварэння ўсеагульнай супольнасці”.
- “На Захадзе нам будзе лягчэй прасоўваць сваю беларускую ідэю, чым на Усходзе”;
- “Трэба ўкладацца ў асобу”;
- “Падзеі 2020га года паказалі, што беларусы – гэта дастатковая супольнасць, што беларусы могуць сабрацца і вырашыць любую праблему”.
Пошук пазітыва і новых магчымасцяў. Знаходзячыся за мяжой, мы маем магчымасць выкарыстоўваць еўрапейскую адукацыю. У тым ліку вельмі важна пераарыентавацца за еўрапейскі фармат адукацыі, які патрабуе больш самастойнасці і самаарганізацыі. Трэба перавучыцца на іншую мадэль, якая патрабуе працягваць вучыцца ўсё жыццё, каб заставацца канкурэнтаздольнымі і валодаць сучаснымі ведамі. Патрэбна шукаць новыя фарматы адукацыі для беларусаў, развіваць лічбавую прастору.
Вялікія дадзеныя і сістэматызацыя. Патрэбна агульная сістэматызацыя таго, што датычыцца адукацыі беларусаў за мяжой, каб разумець рэальную карціну і валодаць інфармацыяй пра тыя рэсурсы, якія існуюць, каб рэкрутаваць прафесіяналаў напрасткі, і разумець, якой галіне патрабуецца дадатковая ўвага і інвестыцыі.
Супольнасць і асоба. Трэба працягваць працу па стварэнню супольнасці, форуму выпускнікоў. На дадзены момант анічога, акрамя нетворкінга, супольнасць не можа прапанаваць найбольш адукаваным і канкурэнтаздольным беларусам, якія будуюць сваю карʼеру і жыццё па-за межамі Беларусі. Патэнцыял беларусаў за мяжой – гэта патэнцыял Беларусі ў будучыні, таму што чым больш адукаванымі будуць беларусы, тым больш кожны з іх будзе здольны зрабіць для сваёй краіны.
Новая геаграфія і старыя прымхі. Трэба ствараць новую геаграфію. Ідэя “да Мінска праз Маскву” сціхла пасля пачатку вайны, але можа вярнуцца ў любы момант. Рэгіён, у які ўпісана Беларусь, неразрыўна звязан з расейскім уплывам. Дэкаланізацыя і стварэнне асобнай, сталай веды пра Беларусь у адрыве ад расейскага кантэксту – гэта тое, што неабходна, каб весці гаворку з еўрапейскай супольнасцю пра далейшы шлях Беларусі.
Нацыянальнае адраджэнне і лакаматыў зменаў. Мы мусім і сябе ўпэўніць, і прадэманстраваць іншым, што мы нацыя з гісторыяй, са свядомасцю, героямі, падзеямі, і мы прэтэндуем на месца ў Еўропе заканамерна і гістарычна. Мы былі і ёсць найбольш блізкай да Еўропы часткай з усходняга боку кантынента. Нацыянальнае адраджэнне вельмі важнае для падтрымання духа беларусаў, але зʼяўляецца другасным для еўрапейскіх стэйкхолдэраў. Асноўны фокус еўрапейскай супольнасці засяроджаны на бяспецы. Каб была забяспечана бяспека, павіны адбыцца змены. Беларусь можа стаць лакаматывам змен у рэгіёне, прыкладам для суседзяў.
Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць беларускую вышэйшую адукацыю ў сучасных умовах. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для гэтай дыскусіі – якімі мусяць быць беларускія ўніверсітэты для будучыні і ў будучыні?
Беларуская адукацыя – адна з тых сфер, якая найбольш адчула на сабе рэпрэсіі апошніх гадоў. Але сучасныя тэхналогіі і вялікая колькасць беларусаў за мяжой даюць надзею на новыя перспектывы развіцця.
Свае візіі прадставілі:
- Аляксандр Мілінкевіч – PhD, заснавальнік і канцлер “Вольнага беларускага ўніверсітэта”;
- Антон Сайфулаеў – PhD, супрацоўнік Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта;
- Надзея Белахвосцік – апанент, галоўная рэдактарка MediaIQ.
Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.
***
Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што “у кожнай сітуацыі можна знайсці пазітыўнае”. Знаходзячыся за мяжой мы можам выкарыстаць велізарны патэнцыял еўрапейскай адукацыі, перш за ўсё польскай, таму што польскія магчымасці самыя дасяжныя. Нам трэба падрыхтаваць як мага больш людзей, якія здолеюць зрабіць перамены на Беларусі. Акрамя ўніверсітэцкай адукацыі, ёсць праграмы каб вучыцца ўсё жыццё. Патэнцыял беларусаў за мяжой – гэта патэнцыял усей Беларусі ў будучыні. І таму чым лепш яны падрыхтуюць сабе, тым больш у іх шанцаў і карʼеру зрабіць, і паслужыць сваёй краіне. Таму трэба вучыцца ўсё жыццё і варта ўдзельнічаць у такіх праграмах.
Антон Сайфулаеў сцвярджае, што першы крок – гэта агульная сістэматызацыя таго, дзе вучацца беларусы за мяжой, якія праграмы існуюць. А так сама хто вучыцца, а хто ўжо адвучыўся і ў якой галіне, каб потым рэкрутаваць у канкрэтную дзейнасць.
“У Беларусі тыя ж праблемы, што ў міжнароднай супольнасці”, дадае Надзея Белахвосцік. “Што такое вышэйшая адукацыя? Наколькі яна мусіць быць масавая? Мы павінны думаць не толькі пра дыяспары, але і пра тых беларусаў, якія ў Беларусі. Што мы можам рабіць, каб беларусы, якія застаюцца ўнутры Беларусі, мелі магчымасці?”
У адукацыі наперадзе ўсіх эстонцы, і яны нас вучаць, што важна знайсці баланс паміж анлайн і афлайн, тлумачыць Аляксандр Мілінкевіч. “У змешаным, гібрыдным навучанні ўсё, што можна прыбіраецца ў анлайн, а ўсё, што патрабуе жывога кантакту для большай эфектыўнасці, робіцца разам. У Эстоніі выкладчык не расказвае новую тэму вучням. Яны рыхтуюцца самастойна, а з выкладчыкам яны дыскутуюць і абмяркоўваюць.
Перш за ўсё трэба працаваць на тых, хто ў Беларусі, таму што менавіта там будзе вырашацца лёс нашай краіны. Трэба шукаць і развіваць метады. У цяжкія часы адкрываюцца новыя магчымасці.”
Надзея Белахвосцік згодна і дадае, што спалучэнне анлайн і афлайн можа дапамагчы нам вырашыць праблему, з якой сутыкаюцца многія беларускія маладыя людзі, якія едуць у Еўропу за адукацыяй: самастойнай працы ў беларускай сістэме адукацыі амаль няма, і таму гэта становіцца шокам.
Антон Сайфулаеў удакладняе, што гібрыдная адукацыя мусіць пашырацца ўвесь час: новыя платформы, матэрыялы, тэхналогіі. Досвед акадэмічнай культуры таксама вельмі істотны, таму што гэта стварае акадэмічную супольнасць.
“Нам трэба пераняць добрая практыкі, агітаваць і рэкрутаваць людзей” кажа Аляксандр Мілінкевіч. Ён упэўнены, што будаванне вялікай супольнасці тых, каму Беларусь не ўсё роўна, гэта вялікае і складанае заданне, і над гэтым трэба сёння працаваць, нішто нам не перашкаджае. Таму цяпер “Вольны беларускі ўніверсітэт” працуе над стварэннем форума выпускнікоў.
Мільён даляраў на адукацыю
Антон Сайфулаеў адзначае, што аднаго мільёна вельмі мала, каб усталяваць нейкі сталы фармат. Галоўная праблема з перспектывы гуманітарных навук, лічыць Антон, гэта тое, што рэгіён, куды ўваходзіць Беларусь, заходнім навуковым светам успрымаўся толькі праз Расею. Ёсць патрэба стварыць сталую, структураваную веду пра Беларусь, таму што ў больш сістэмным прасторава-часавым сэнсе Беларусі не існуе: няма гістарычных, антрапалагічных, сацыялагічных даследаванняў. Бракуе інстытуцый: няма а ні кафедры, а ні дэпартаменту пры значным універсітэце, акадэмічнай адзінкі, якая займаецца Беларуссю і стварае веду пра Беларусь. Таксама патрэбна ствараць умовы для нетворкінгу, заахвочваць даследчыкаў, ствараць базу для фандрайзінга для падтрымкі даследчых праектаў.
“Я думаю пра “першы дзень пасля””, кажа Аляксандр Мілінкевіч і тлумачыць: нам здаецца, што як толькі не будзе дыктатуры, то будзе адразу дэмакратыя. Але так не будзе, будзе вялікае змаганне. У Расеі адбыўся вельмі кепскі для нас працэс: нацыфікацыя, таму нават калі не будзе Пуціна, то пры ўладзе можа застацца ФСБ і імперская палітыка працягнецца. І таму каб выйграць, важна што робіцца ў галовах беларусаў, павінна быць цвёрдая ідэнтычнасць беларуская, нацыянальны дух. Будзе змаганне за само існаванне Беларусі.
Трэба казаць на Захадзе пра гістарычную спадчыну Беларусі, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра нашу незалежнасць і пра тое, як мы за её заўсёды змагаліся. Мы мусім даказаць, што мы нацыя з гісторыяй, са свядомасцю, героямі, падзеямі – а большасць на Захадзе гэтага не ведаюць. А нам будзе патрэбная салідарнасць.
Надзея Белахвосцік дадае, што каб змагацца з прапагандай – мільёна не хопіць. І што на Захадзе нам будзе лягчэй прасоўваць сваю беларускую ідэю, чым на Усходзе.
Антон Сайфулаеў разважае, што ў абодвух выпадках мы маем дачыненне з паняццем веды. Але нацыянальны фармат больш для ўнутранага рынку, знешні рынак у гэтым не зацікаўлены. Гэта больш гаворка пра дэмакратыю, абмежаванне правоў, прапаганду, геапалітыку. Нацыянальны фармат патрэбен як частка шматвектарнага дэкаланізацыйнага праекту Беларусі, таму трэба вельмі стратэгічна і асцярожна прасоўваць унутры беларускага грамадства. Трэба ствараць сучасны нацыянальны прадукт, які можна было б распаўсюдзіць у публічнай прасторы. Але на узроўні палітыкі і акадэміі нацыянальны фармат гэта – ужо ўчорашні дзень.
Праект беларускай супольнасці
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што мы павінны прадаваць на Захад не плач, боль, ахвяры і крыўды, а прадаваць беларускі праект. Які фармуецца ў тым ліку вышэйшай адукацыяй, прабеларускай і праеўрапейскай. Беларусь можа стаць у рэгіёне лакаматывам зменаў. Захад цікавіць не нацыянальнае адраджэнне, а бяспека перш за ўсё, і будзе доўга яшчэ цікавіць. Чым хутчэй пойдуць рэформы ва Ўсходняй Еўропе – тым хутчэй стабілізуецца бяспека.
І рэформы могуць прайсці ў Беларусі значна хутчэй чым ва Ўкраіне, таму што ў нас вялікі патэнцыял: геапалітычнае становішча, узровень адукацыі, асабліва ў тэхнічных навуках, інфраструктура ІТ, у тым ліку доступ да хуткага інтэрнэту, інфраструктура дарог, працавіты і законапаслухмяны народ. І на ўсё гэта трэба глядзець у комплексе, распрацоўваць і прадаваць праект: патрэбныя і акадэмічныя даследаванні, і грамадзянская супольнасць, якая ўсведамляе, што не трэба мець посткаланіяльных комплексаў. Мы былі і ёсць найбольш блізкай да Еўропы часткай з усходняга боку кантыненту. У гэтым трэба ўпэўніцца і прадаваць на еўрапейскім палітычным рынку.
Антон Сайфулаеў дадае, што ідэя дэмакратызавацца разам з Расеяй была ў дзевяностых-двухтысячных. Аб гэтым пісалі тыя постсавецкія даследчыкі, што выхаваліся і атрымалі адукацыю ў савецкім саюзе і потым выехалі на Захад. Постімперскія комплексы падтрымлівалі тэзу “ісці разам”, якая дамінавала і ў палітычным асяроддзі. Каб да гэтага ніхто не вярнуўся, трэба інвеставаць у інстытуты, адукацыю, нетворкінг.
Надзея Белахвосцік мяркуе, што зараз час думаць пра сабе, пра асобу. Падзеі 2020-га года паказалі, што гэта дастатковая супольнасць, што беларусы могуць сабрацца самі і вырашыць любую праблему. Аляксандр Мілінкевіч згодны: Беларусы паказалі, што яны еўрапейцы ў гэтым сэнсе – здольныя самі, знізу, аб’яднацца за каштоўнасці, за годнасць. Таму нам трэба ўмацоўваць свой дух, а гэта і грамадскія, і акадэмічныя веды. Антон Сайфулаеў дадае, што важна развіваць лічбавы накірунак стварэння беларускай супольнасці. Каб не губляць людзей з позірку і не губляць кантакт, ствараць для беларусаў магчымасці.