2 чэрвеня 2024

Будучыня беларускай навукі

Ракеты для расейскай арміі – ці грамадзянская навука і прыватныя лабараторыі для эксперыментаў моладзі

Ключавыя думкі

Сяргей Бесараб
Сяргей Бесарабнавуковец у галіне калоіднай хіміі, вынаходнік, футуролаг.
  • “Зараз можна назіраць у беларускай навуцы какістакратыю, уладу горшых”;
  • “У тэхнічных навуках акно магчымасцяў глядзіць на вайсковую тэму. Яны будуць для расейскай арміі будаваць ракеты”;
  • “Існуючая навуковая вертыкаль дэфектыўна”;
  • “У Беларусь вынішчана любое вальнадумства. Не ведаю, што павінна здарыцца, каб навуковая супольнасць адмовілася рабіць вайсковыя замовы”;
  • “[Калі за мяжой] прапрацаваў 10 гадоў, займеў аўтарытэт, працуе з самымі мэйнстрымнымі пытаннямі – а тут яму прапануюць вяртацца ў Беларусь на выпаленае поле, на цаліну?”;
  • “Мая мара, што Беларусь будзе жыць за кошт экспарту тэхналогіі”;
  • “Патрэбна не колькасць, а якасць дактароў навук, і колькасць іх навуковых школ, навуковых накірункаў, і наколькі гэтыя навуковыя накірункі рэлевантны ў межах свету”.
Андрэй Казакевіч
Андрэй КазакевічPhD, дырэктар інстытута «Палітычная сфера»
  • “Паварот на Ўсход не кампенсуе страту Захаду, дыстанцыя расце, якасць і колькасць публікацыяў падае: гэта структурная праблема, якая ўжо абмяжоўвае і будзе значна абмяжоўваць патэнцыял беларускай навукі”;
  • “Трэба ствараць механізмы супрацоўніца, пляцоўкі, агульныя праекты для абʼяднання беларускіх даследчыкаў за мяжой, якія будуць упісаны ў еўрапейскую акадэмічную прастору”;
  • “Вырашаць прыярытэты для развіцця навукі павінна супольнасць”;
  • “Прафесійная дзейнасць не можа трымацца толькі на энтузіязме ў доўгатэрміновай перспектыве”;
  • “Ніхто акрамя беларусаў не будзе даследаваць беларускую гісторыю. Беларускае грамадства павінна гэта разумець”.

Высновы

Тры асноўныя праблемы беларускай навукі: з чым давядзецца працаваць

Дэфектыўная вертыкаль і аморфная гарызанталь

Ідэалагічныя чысткі выветрылі апошнія сілы з беларускай навукі. Пакуль рэжым набіраў заўзятых функцыянераў і адсейваў нелаяльных навукоўцаў, ад беларускай навукі засталося папялішча: цэлыя кірункі былі знішчаны, а тое, што засталося, не можа паказваць вынікі, якія заслугоўваюць увагі. Навука стала дадаткам да палітыкі. Страчаны чалавечы патэнцыял, міжнародныя сувязі і магчымасці, матывацыя да развіцця навукі ў цэлым.

Нядавыпаленае поле і непаднятая цаліна

Хаця ў беларускай навукі яшчэ адбываецца нейкі рух, прагрэсу ўзяцца няма адкуль. У галіне гуманітарных навук збіраюць эмпірычны матэрыял, але не вядзецца сурʼёзнай аналітычнай працы. Тэхнічныя навукі абслугоўваюць ваенную замову, на сусветным узроўні гэтыя распрацоўкі не маюць ніякай значнасці.

Узнікае пытанне: хто, што і як будзе будаваць на гэтым папялішчы? Навошта заслужаным і перспектыўным вучоным вяртацца ў Беларусь аднаўляць навуку?

Фінансавая ўстойлівасць і грамадзянская навука

Прапаноўваючы розныя варыянты па падтрымцы беларускай навукі зараз і рэанімаванні потым, візіянеры сыходзяцца ў адным: неабходна фінансавая ўстойлівасць, якая дазволіць развіваць доўгатэрміновыя праекты і падтрымліваць матывацыю навукоўцаў. Неабходнай умовай тут зʼяўляецца папулярызацыя навукі і стварэнне магчымасцяў для грамадзянскага ўдзелу ў ёй. Каб грамадства было зацікаўлена ў навуцы, яна павінна перастаць быць чорнай скрыняй, людзі павінны мець магчымасць цікавіцца навукай і ўплываць на яе развіццё.

Канспект

Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць сённяшні стан і перспектывы беларускай навукі. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для гэтай дыскусіі – як умацоўваць беларускую навуковую супольнасць і спрыяць развіццю навукі?

Ад рэпрэсій пасля 2020 года пацярпелі сотні беларускіх навукоўцаў. Большасць з публічных выпадкаў – філолагі, гісторыкі і фізікі, кандыдаты навук, 45-50 гадоў. Прыняты ў 2023 годзе “этычны кодэкс” НАН РБ забараняе навукоўцам любыя публічныя крытычныя выказванні пра беларускую навуку, што супярэчыць базавым прынцыпам навуковай дыскусіі. З-за забароны на прафесію і актыўнай грамадзянскай пазіцыі шмат навукоўцаў не могуць супрацоўнічаць з навуковымі арганізацыямі ў Беларусі.

Свае візіі прадставілі:

  • Андрэй Казакевіч, PhD, дырэктар інстытута “Палітычная сфера”.
  • Сяргей Бесараб – навуковец у галіне калоіднай хіміі, вынаходнік, футуролаг.

Апанент: Павел Свярдлоў – галоўны рэдактар Euroradio.

Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.

 

Патэнцыял і стан беларускай навукі

Тое, што зараз можна назіраць у беларускай навуцы, Сяргей Бесараб характарызуе як какістакратыю – супрацьлегласць мерытакратыі, уладу горшых. На працягу доўгіх гадоў назіраецца адмоўная селекцыя, хоць менавіта кадры – гэта тое, што фармуе вобраз навукі. З выступаў кіраўніка НАН Гусакова смяюцца, а гэта абагульняючы вобраз, які прадстаўляе навукоўцаў Беларусі, унутраны стан навукі: і гендарны перакос, і вялізарны карупцыйны складнік. Шмат хто з навукоўцаў бачаць, што нікому не патрэбны твае ідэі і прапановы, патрэбна ісці па кірунку, а калі не – шукай сябе ў іншым месце.

Навука застаецца, лічыць Андрэй Казакевіч, гэта не будуць згубленыя гады: ідзе напрацоўка эмпірычнага матэрыялу, выходзяць і добрыя працы, хай і не на высокім тэарэтычным узроўні. Але існуе вялікая колькасць абмежаванняў, што робіць развіццё навукі немагчымым:

  1. карупцыя ў шырокім сэнсе: некаторыя людзі працуюць не ўтвараючы навуковага прадукту;
  2. палітычныя абмежаванні: некаторыя накірункі зараз не магчымыя ў шырокім коле дысцыплін;
  3. страта чалавечага патэнцыялу: пасля некалькіх хваляў рэпрэсій шмат людзей сышлі ў іншыя сферы, зʼехалі і былі згублены для навукі. І гэта немагчыма выправіць хутка, праз прыцягненне нейкіх магістрантаў;
  4. ізаляцыя: паварот на Усход не кампенсуе страту Захаду, дыстанцыя расце, колькасць магчымасцяў падае, якасць і колькасць публікацыяў падае. І гэта структурная праблема, якая ўжо абмяжоўвае і будзе значна абмяжоўваць патэнцыял беларускай навукі.

Павел Свярдлоў параўноўвае навуку з эканомікай, якая ніколі не памірае да канца. Гэта адставанне, заняпад, хаатычныя рухі і імітацыя – але застаюцца навукоўцы, на якіх працягвае трымацца нешта, і на выніках якіх можна рабіць выгляд, што ўсё добра.

Можна зрабіць выгляд, што нешта нядрэнна, тлумачыць Сяргей Бесараб, але тое, што будзе бачна праз гэты выгляд, можа шмат каму не спадабацца. Напрыклад, у тэхнічных навуках гэтае акно магчымасцяў глядзіць на вайсковую тэму. Умоўна, беларускія навукоўцы будуць для расейскай арміі будаваць ракеты. Развіццё ідзе, але ці падабаецца гэта беларусам? Па інфармацыі Сяргея, зараз не менш за палову фінансавай супрацы беларускай навукі – з Расеяй. Андрэй Казакевіч зазначае, што і для сацыяльна-гуманітарных дысцыплін расейскі фактар становіцца ўсё больш істотным, штам кніг выдаюцца ў Расеі, павялічалася колькасць грантаў для навукоўцаў.

Маральна-вайсковы складнік

Ёсць накірункі, напрыклад оптыка, дзе Беларусь заўсёды была моцнай, нагадвае Сяргей Бесараб. І каб зрабіць сродак для забойства шмат розуму не патрэбна. Тыя ж дроны – усё ўжо прыдумана, чалавек з кваліфікацыяй сярэдняга ўзроўню можа збіраць такія агрэгаты. На сусветным узроўні гэта не мае сэнсу, але як зброя – нармалёва праходзе. За кошт гэтага і жывуць.

Павел Свярдлоў тут узгадвае тое, супраць чаго паўсталі фізікі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя – выкарыстанне ядзернай зброі, якую яны самі і распрацавалі. А калі мы паглядзім на беларускую перадавую прамысловасць – што яна паказвае акрамя сабранага з кітайскіх дэталяў? Гэта Паланэз, дроны, антыпратэстныя зброя, оптыка, за ўсім гэтым праца беларускіх навукоўцах. І як з гэтым жыць?

Сяргей Бесараб нагадвае, ліст беларускіх навукоўцаў супраць гвалту – “гэта была ўпершыню, калі я адчуў супольнасць, яго падпісалі каля 5000 чалавек, гэта пятая частка навукоўцаў Беларусі”. Сяргей параўноўвае сітуацыю з тым, як у Google распрацоўвалі нейрасетку, і калі супрацоўнікі даведаліся, што іх праца можа пайсці на вайсковыя мэты, яны адразу пачалі баставаць, і Google адмовіўся ад гэтага праэкта. А сёння ў Беларусі вынішчана любое вальнадумства, і “не ведаю, што павінна здарыцца, каб гэтая супольнасць адмовілася рабіць вайсковыя замовы”.

Беларускія навукоўцы: хто яны і дзе іх шукаць

За мяжой Беларусі мы маем пару сотняў навукоўцаў, якія не губляюць сувязь з Беларуссю і паміж сабой, адзначае Андрэй Казакевіч. Для гэтай супольнасць ёсць інфраструктура (часопісы, Кангрэс даследчыкаў Беларусі), але ёсць і вялікая колькасць выклікаў, людзі сыходзяць, і гэта супольнасць страчваецца. Таму трэба ствараць механізмы супрацоўніца, пляцоўкі, агульныя праекты для абʼяднання даследчыкаў за мяжой, але гэтая структура павінна быць упісана ў еўрапейскую акадэмічную прастору, таму што без інвестыцый такія праекты не змогуць існаваць.

Для тэхнічных і прыродазнаўчых навук нават Кангрэсу няма, таму адзінае, што яны могуць зрабіць – інтэгравацца ў еўрапейскую сістэму, разважае Сяргей Бесараб. Правілы гульні еўрапейскай навуцы вельмі адрозніваюцца ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Шмат якім навукоўцам вельмі складана ўпісацца ў новую сістэму. Самае страшнае слова “асіміляцыя”, і чым больш часу праходзіць з 2020-га, тым гэтае слова страшней. Гэта вельмі сумная гісторыя: чалавек прапрацаваў 10 гадоў, звярнуў свой аўтарытэт, працуе з самымі мэйнстрымнымі пытаннямі, а тут яму прапануюць звяртацца ў Беларусь на выпаленае поле, на цаліну?

Павел Свярдлоў падкрэслівае: іміграцыя навукоўцаў пачалася далёка не ў 2020 годзе, шмат гадоў з Беларусі зʼязджалі лепшыя. Асабліва тэхнічных спецыялістаў, са спецыяльнасцямі якіх нашмат прасцей інтэгравацца і асімілявацца ў іншых краінах. А будучая амбітная задача навукоўцам пасля дэмакратычных пераменаў вяртацца ў Беларусь і адраджаць цэлыя галіны – шанец унікальны, але вельмі складаны.

Сяргей Бесараб дадае: існуючая навуковая вертыкаль дэфектыўна. Патрэбна будзе шукаць новых людзей, запрашаць з іншых краінаў. І калі ў тэхнічных і прыродазнаўчых навуках гэта прасцей, то ў гуманітарных трэба ведаць усю нацыянальную перспектыву, што было раней.

Ідэі на мільён: як падтрымаць навуку ў доўгатэрміновай перспектыве

Андрэй Казакевіч прапануе ўкласці грошы ў нерухомасць, каб кожны год з прыбытку фінансаваць навукоўцаў, зрабіць фінансаванне ўстойлівым. Калі гэта немагчыма – распрацаваць праграму на 10 год, каб навукоўцы распрацоўвалі праекты, якія патрэбны грамадству. Вырашаць прыярытэты для развіцця навыкі павінна супольнасць. У любым выпадку, гэтыя праекты павінны быць доўгатэрміновымі. Прафесійная дзейнасць не можа трымацца толькі на энтузіязме ў доўгатэрміновай перспектыве.

Сяргей Бесараб прапануе лепш укласці грошы ў акцыі кампаній, якія займаюцца штучным інтэлектам. І ўспамінае прыватныя лабараторыі Бэла, у якіх навукоўцы маглі паспрабаваць свае самыя розныя і перспектыўныя ідэі. Утварэнне такой лабараторыі за мяжой яшчэ прасцей, таму што галоўнае – каб нічым не былі звязаны рукі. У Беларусі зараз і прабіркі якасныя не набыць.

Іншы варыянт – інвеставаць у грамадзянскую навуку. Навука гэта эксперымент, гіпотэза і масіў дадзеных, якія мы аналізуем, робім высновы і прагназуем нешта. І гэтыя дадзеныя могуць збіраць звычайныя людзі, а ў Беларусі гэтая канцэпцыя не рэалізавана наогул. Папулярызацыя навукі і камунікацыя – адна з частак грамадзянскай навукі. У Беларусі няма запыту на тэхнічную навуковую папулярызацыю: няма ні часопісаў, ні грантаў.

Сяргей Бесараб марыць, што Беларусь будзе жыць за кошт экспарту тэхналогій. Доля высокатэхналагічнага экспарту ў агульным экспарце краіны на дадзены момант адна з ніжэйшых сярод краін Еўропы. Патрэбна не колькасць, а якасць дактароў навук, і колькасць іх навуковых школ, навуковых накірункаў, і наколькі гэтыя навуковыя накірункі рэлевантны ў межах свету.

Павел Свярдлоў падкрэслівае, што галоўная хіба цяперашніх беларускіх дзяржаўных навуковых грантаў – усё заточана на вынік, справаздачу. А з навукі нельга патрабаваць: гэта як стартапы, толькі верагоднасць яшчэ ніжэй. 

Ніхто акрамя беларусаў не будзе даследаваць беларускую гісторыю, адзначае Андрэй Казакевіч, тое ж самае пра беларускую культуру, палітыку і іншае. Тут няма варыянтаў: калі мы імкнемся штосьці пра гэта знаць – наша справа гэта даследаваць. Беларускае грамадства павінна гэта разумець.

Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць