Будучая беларуская ідэнтычнасць
Якой можа быць ідэнтычнасць у глабалізаваным свеце, і як захаваць сувязі з Беларуссю і паміж дыяспарамі
- «Пытанне культуры, мовы, ідэнтычнасці зараз на ўзроўні пытання бяспекі. Гэта тое, што дазваляе нам выжыць як нацыі, захоўваць наш суверэнітэт і змагацца за дэмакратычную будучыню»;
- «Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй як мінімум культурнай»;
- «Гэта не першая хваля русіфікацыі, якую перажыў наш народ: стагоддзямі нас спрабавалі зрабіць рускімі, але ў іх гэта не атрымалася. Беларуская мова жыве, а мы адчуваем сябе беларусамі»;
- «Гэта нябачны фронт працы — не даць жалезнай заслоне ўпасці і адрэзаць беларускую культуру ад свету»;
- «Беларусы ў краіне і за мяжой — гэта адна матэрыя»;
- «Трэба ствараць сапраўды класныя праекты, якія будуць цікавы беларусам у краіне, і цікавіцца тым, што ствараюць у Беларусі»;
- «Сапраўдная беларуская поп-культура — тое, чаго нам не хапае»;
- «Наша задача — ствараць такія праекты, якія будуць натхняць»;
- «На беларускія рэйвы прыходзіць больш людзей, чым на акцыі па падтрымцы палітвязняў»;
- «Беларусі не хапае свайго Йеля — установы, якая будзе адчыняць дзверы ў будучыню і выхоўваць візіянераў»;
- «Мы павінны не замыкацца ў беларускім гета, а ганарыцца тым, што мы беларусы, і пры гэтым заставацца адкрытымі».
- «Мне падабаецца тлумачэнне ідэнтычнасці хутчэй як эмоцыі, як супольнага перажывання, пасля якога вы адчуваеце агульнасць»;
- «Дзеянні і ўзаемадапамога – вось што аб’ядноўвае людзей»;
- «Ідэнтычнасць — гэта наша дзейнасць»;
- «Вялікая праблема ў тым, што не хапае агульнай мэты, таму што мэты выжывання недастаткова, мы яе перараслі. Што далей, што мы даем гэтаму свету?»;
- «Ніколі ў свеце не было прыкладаў таго, як нацыя на сацыяльным узроўні падмяняла дзяржаву, мы тут першыя»;
- «Гэта натуральна, што людзі не адразу разумеюць сваю адказнасць. Трэба прыняць, што гэта пачатак вялікага шляху»;
- «Чырвона-зялёныя беларусы зараз у поўным сэнсе бяруць на сябе цяжар змагання з расійскай навалай. Бо Колас і Купала — цалкам іх код»;
- «За апошнія дваццаць год беларусы навучыліся данаціць, а зараз ім трэба вучыцца доўгатэрміновай падтрымцы»;
- «У новай рэальнасці трэба вучыцца быць самадастатковым»;
- «Трэба зрабіць стаўку на нефармальную вечаровую прастору сям’і і супольнасці, напрыклад, стварыць цэнтралізаваную франшызу Беларускіх дамоў культуры ў свеце»;
- «Патрэбна ўкладвацца ў менеджараў, крэатараў, тых, хто можа стварыць яскравы і дынамічны прадукт».
- «Партызанскае спажыванне не знікне: беларусы заўсёды знойдуць шлях»;
- «Закрытыя партызанскія суполкі мусяць стаць крыніцай чагосьці ў будучыні, пра што мы зараз яшчэ не ведаем»;
- «Калі мецэнацтва і перамогі ў конкурсах носяць спарадычны характар, то і культура становіцца выпадковай, бо не можа прафессіанал перабівацца выпадковымі праектамі і перамогамі»;
- «Застаецца пытанне, ці гатовыя гэтыя беларусы, якія збіраюцца на нейкія ініцыятывы, сваёй прысутнасцю падтрымаць беларускую культуру, і ці гатовы яны стаць спонсарамі»;
- «Пакуль здаецца, што супольнасць не можа замяніць дзяржаву, якая фінансуе культуру».
Беларусь культурная
Беларуская культура па абодва бакі мяжы
Пакуль беларуская культура ўнутры краіны дае адпор русіфікацыі і ўзгадвае лепшыя практыкі падполля, беларусы за мяжой імкнуцца захоўваць сваю ідэнтычнасць, будаваць супольнасць і станавіцца самастойнымі. Падтрымка нацыянальнай культуры без дзяржавы – задача няпростая і, больш за тое, пакуль не ўвасобленая ў свеце нікім. Наперадзе ў беларусаў доўгі і няпросты шлях, і кожная перамога на гэтым шляху павінна ўспрымацца як агульная, не дзелячы беларусаў на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, не дазваляючы беларускай культуры ізалявацца ад свету, а беларускай ідэнтычнасці – размыцца.
Што ў ідэнтычнасці табе маёй?
Калі для маленькай нацыі ідэнтычнасць – гэта пытанне бяспекі і выжывання, то чаму ідэнтычнасць важная для кожнага беларуса асобна? Ідэнтычнасць – гэта пра ўзаемадапамогу, бяспеку, камфорт, сувязі і асабісты выбар. Як і іншыя масавыя прадукты, ідэнтычнасць патрабуе працы прафесіяналаў, каб быць папулярнай, быць сэксі, быць патрэбнай беларусам гэтак жа, як беларусы неабходны ёй.
Усё змяшалася ў Доме беларускай культуры: папса, рэйв і Йель
Тая кропка няпэўнасці і хаосу, у якой знаходзіцца беларуская культура сёння, можа быць не толькі нагодай для трывогі, але і, безумоўна, кропкай адліку новага жыцця. Цяпер як ніколі ў беларускай культуры магчыма ўсё – любыя ідэі і пачынанні маюць месца быць. Захоўваючы тое, што ўжо ёсць у беларусаў, з кожнай ініцыятывай ствараецца цела сучаснай беларускай культуры – жывой і яскравай. І калі наша ідэнтычнасць – гэта наша дзейнасць, то быць беларусам трэба з гонарам, паспяхова і натхняючы астатніх.
Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць будучыню беларускай ідэнтычнасці і нацыянальнае адраджэнне. Палітыка што да ідэнтычнасці ўнутры Беларусі і раней не была надта спрыяльнай, а пасля 2020 і 2022 гадоў яшчэ болей пагоршылася. Рускі свет спрабуе пашыраць сваю экспансію, а праявы беларускасці становяцца нагодай для рэпрэсій. Але не ідэальная сітуацыя і па-за межамі Беларусі, бо дыяспарам цяжка ўтрымаць унутраны фокус на беларускасці і не асімілявацца цалкам.
Свае візіі прадставілі:
- Аліна Коўшык – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні (на момант дыскусіі).
- Цімох Акудовіч – гісторык, краязнаўца, заснавальнік праектаў “Магістраты культуры” і “Вусы Скарыны”.
Ірэна Кацяловіч – апанетнка, журналістка тэлеканала Белсат, кінакрытык, сябра журы Golden Globe Awards.
Вадзім Мажэйка – мадэратар дыскусіі, каардынатар “Нашай Візіі”
Дзе сканчаецца ідэнтычнасць і пачынаецца нацыяналізм
Трэба памятаць, што Еўропа ўжо на іншым узроўні развіцця сваіх грамадзянска-палітычных нацый, адзначае Аліна Коўшык. Тое, што мы зараз перажываем, яны перажылі ўжо даўно. Але для нас пытанне культуры, мовы, ідэнтычнасці зараз на ўзроўні пытання бяспекі. Гэта тое, што дазваляе нам выжыць як нацыі, захоўваць наш суверэнітэт і змагацца за дэмакратычную будучыню.
Нам, беларусам, трэба падумаць, што ж такое ідэнтычнасць, упэўнены Цімох Акудовіч. У беларускім грамадстве ёсць засяроджанасць на ідэнтычнасці як суме сімвалаў: Быкаў, Купала, Колас, і калі ты іх прытрымліваешся, то ты беларус. Але Цімоху падабаецца тлумачэнне ідэнтычнасці хутчэй як эмоцыі, як супольнага перажывання, пасля якога вы адчуваеце агульнасць. І з гэтай пазіцыі, калі казаць пра ідэнтычнасць хутчэй як пра практыкі, а не пра сімвалы, тады ўсё зусім інакш выглядае: ідэнтычнасць — гэта наша дзейнасць. І тады няма праблемы з нацыяналізмам: беларусы — гэта тыя, хто нясуць пэўны набор дзеянняў у розных краінах, прапануюць нешта цікавае. Калі мы знойдзем адказ на пытанне, чым мы, беларусы, цікавыя і карысныя Еўропе, усе гэтыя дыскусіі самі па сабе знікнуць.
Мы ўнікальныя, і робім Еўропу больш разнастайнай, дадае Аліна Коўшык. У кожнага з нас ёсць некалькі слаёў ідэнтычнасці, якія накладаюцца адзін на аднаго. Беларуская ідэнтычнасць – гэта адзін са слаёў, а іншы – еўрапейская ідэнтычнасць, бо мы еўрапейская нацыя, і адчуваем сваю прыналежнасць да агульнаеўрапейскай сям’і.
Захаваць ідэнтычнасць радавога беларуса
Аліна Коўшык нагадвае, што гэта не першы раз, калі беларусы вымушаны з’ехаць са сваёй зямлі. Ёсць класічны набор мер, якімі трэба працаваць з дыяспарай: гэта палітыкі, якімі карыстаюцца розныя краіны, каб рабіць сваю дыяспару больш моцнай. Да двух мільёнаў беларусаў могуць зараз быць па-за межамі Беларусі. І калі гэтыя людзі падключаюцца, то разам мы можам шмат. Такое падключэнне можа быць шматузроўневым: на палітычным узроўні, напрыклад, гэты ўдзел у Народных амбасадах, Каардынацыйнай Раде; альбо на культурным і адукацыйным узроўні – як суботнія школкі для дзяцей. Аліна ўпэўненая, што без працы з дзецьмі ў нас няма будучыні. Найперш за ўсё нам трэба будаваць сувязі, супольнасці. Так, на беларускія рэйвы прыходзіць больш людзей, чым на акцыі па падтрымцы палітвязняў – але гэта і тое, што спрыяе будаванню супольнасці.
Трэба памятаць, што ідэнтычнасць у першую чаргу перадаюць бацькі ў сем’ях, упэўнены Цімох Акудовіч. Вялікая праблема ў тым, што не хапае агульнай мэты, таму што мэты выжывання недастаткова, мы яе перараслі. І зараз не хапае інтэлектуальных пляцовак, каб сфармуляваць адказ на пытанне, для чаго мы патрэбныя. Канешне, ёсць задача вярнуць Беларусь, гэта зразумела, але што далей, што мы даем гэтаму свету? Дзеянні і ўзаемадапамога – вось што аб’ядноўвае людзей. Ідэнтычнасць – гэта яшчэ і практычнасць: калі ты разумееш, што ў супольнасці ты ў бяспецы, ты пойдзеш туды. Людзі далучаюцца да паспяховых, таму гісторыі поспеху беларусаў за мяжой вельмі важныя.
Ірэна Кацяловіч звяртае ўвагу на тое, што беларускія канцэрты прыцягваюць публіку, але застаецца пытанне, ці гатовы гэтыя беларусы, якія збіраюцца на нейкія ініцыятывы, сваёй прысутнасцю падтрымаць беларускую культуру, і ці гатовы яны стаць спонсарамі. Пакуль здаецца, што супольнасць не можа замяніць дзяржаву, якая фінансуе культуру.
Цімох Акудовіч прапануе не моцна расчароўвацца, бо яшчэ ніколі ў свеце не было прыкладаў таго, як нацыя на сацыяльным узроўні падмяняла дзяржаву, мы тут першыя. Гэта натуральна, што людзі не адразу разумеюць сваю адказнасць, трэба прыняць, што гэта пачатак вялікага шляху.
Аліна Коўшык нагадвае, што дзяржава бярэ грошы з падаткаў, і зараз кожны беларус у эміграцыі плаціць падаткі – і мы можам выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія ёсць у гэтых краін. Іншае пытанне, што беларуская тэма не з’яўляецца для іх прыярытэтнай.
Ірэна Кацяловіч зазначае, што калі мецэнацтва і перамогі ў конкурсах носяць больш спарадычны характар, то і культура становіцца выпадковай, бо не можа прафесіянал перабівацца выпадковымі праектамі і перамогамі. І гэта пытанне на будучыню, бо мы губляем гэты патэнцыял.
Цімох Акудовіч мяркуе, што гэта тое, чым займаюцца “Магістраты”. За апошнія дваццаць год беларусы навучыліся данаціць, а зараз нам трэба вучыцца доўгатэрміновай падтрымцы. Разам з тым, у новай рэальнасці трэба вучыцца быць самадастатковым.
Беларуская культура ў цені рускага свету
Беларусь знаходзіцца як мінімум пад культурнай акупацыяй, культурным этнацыдам, заяўляе Аліна Коўшык. Мы бачым зачышчэнне беларускай прасторы, выцясненне беларускай мовы. Беларусам неабходна захаваць бяспечную культурную прастору ўнутры сям’і і такім чынам маніфеставаць сваю прыналежнасць да нацыі. Гэта не першая хваля русіфікацыі, якую перажыў наш народ: стагоддзямі нас спрабавалі зрабіць рускімі, але ў іх гэта не атрымалася. Беларуская мова жыве, а мы адчуваем сябе беларусамі.
Цімох Акудовіч адзначае, што беларусам за мяжой вельмі важна паверыць у беларусаў унутры, бо там адбываюцца працэсы, якія мы не да канца ацэньваем. Чырвона-зялёныя беларусы зараз у поўным сэнсе бяруць на сябе цяжар змагання з расійскай навалай. Бо Колас і Купала — цалкам іх код, магчыма фармальны, але іх. І тут трэба ўважліва слухаць і пільна глядзець, а дзе атрымліваецца — акуратна дапамагаць.
Аліна Коўшык дадае, што трэба абараняць тое, што засталося, бо там яшчэ вельмі шмат жывога. Беларусы ў краіне і за мяжой — гэта адна матэрыя, і існуе вялізарны запыт на беларускую культуру, і над гэтым нам і трэба працаваць.
Ірэна Кацяловіч адзначае, што культурныя ініцыятывы спажываюцца ў тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Другое пытанне — што рабіць з тысячамі людзей, якія ходзяць на канцэрты расійскіх зорак. Аліна Коўшык тут мяркуе, што беларуская поп-культура — гэта сапраўды тое, чаго нам не хапае. Зараз ідзе арыентацыя на Расію, таму што ўсё расійскае — гэта даступна і лёгка, і яно замяняе ўсё тое, што забаронена, санкцыйна і небяспечна. Гэта нябачны фронт працы — не даць жалезнай заслоне ўпасці і адрэзаць беларускую культуру ад свету.
Сувязі па-беларуску
Кожны з’ехаўшы беларус стаў амбасадарам сваёй краіны за мяжой, мяркуе Аліна Коўшык, і таксама стаў амбасадарам Еўропы для тых, хто застаўся. Такія распавядаючы сваякам у Беларусі пра сваё жыццё за мяжой, яны аб’вяргаюць хлусню прапаганды. Шмат працы з супольнасцямі складаецца з таго, каб пазнаёміць людзей. Трэба ствараць сапраўды класныя праекты, якія будуць цікавы беларусам у краіне, і цікавіцца тым, што ствараюць у Беларусі. Наша задача — ствараць такія праекты, якія будуць натхняць.
Цімох Акудовіч дадае, што не трэба забываць тое, што ў нас ужо ёсць, не дазволіць зрабіць гэта небяспечным, і ўзмацняць тое, што ўжо маем, каб гэтага было яшчэ больш.
Ірэна Кацяловіч адзначае, што гэта ўжо прапрацаваная мадэль спажывання сваёй культуры абыходнымі шляхамі. І яна ўпэўнена, што гэта партызанскае спажыванне не знікне: беларусы заўсёды знойдуць шлях. Акрамя таго, можна далучацца анлайн да таго, што падабаецца, і гэта ўжо адчуванне свабоды, калі ты сам робіш выбар. Ірэна мяркуе, што ў Беларусі зараз адбываецца шмат закрытых камерных мерапрыемстваў, і гэтыя партызанскія суполкі мусяць стаць крыніцай чагосьці ў будучыні, пра што мы зараз яшчэ і не ведаем, але яно выйдзе на паверхню пазней. Аліна Коўшык прыводзіць прыклад – кніжкі, што зараз пішуцца “ў шуфляду”. Вадзім Мажэйка канстатуе: партызаншчына — наша ўсё.
Культурная ідэнтычнасць на мільён
Аліна Коўшык прапануе ўкласці грошы ў стварэнне Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта. Яна выказвае думку, што Беларусі не хапае свайго Йеля — установы, якая будзе адчыняць дзверы ў будучыню і выхоўваць візіянераў.
Цімох Акудовіч выказвае скептыцызм, адзначаючы, што ідэя стварэння ўніверсітэта вельмі амбіцыйная і складаная. Ён прапануе, магчыма, спрасціць задачу і зрабіць стаўку на нефармальную вечаровую прастору сям’і і супольнасці. Напрыклад, стварыць цэнтралізаваную франшызу Беларускіх дамоў культуры ў свеце — месцаў, дзе людзям будуць прапаноўвацца зразумелыя і максімальна эфектыўныя спосабы аб’яднання.У нефармальнай, пазашкольнай сістэме прасцей развярнуцца і зрабіць гісторыю поспеху. Таму патрэбна ўкладвацца ў менеджараў, крэатараў, тых, хто можа стварыць яркі і дынамічны прадукт, на які людзі будуць хацець прыйсці. Гэта тое, што задавальняе мноства патрэбаў.
Ірэна Кацяловіч абірае ўкласці грошы ў стварэнне інстытуцый, якія будуць здольныя шукаць сродкі за мяжой, кіраваць некаторымі сферамі мастацтва, займацца суфінансаваннем, а таксама на адукацыю менеджараў культуры. Насамрэч, такія праграмы для менеджараў культуры ўжо існуюць, удакладняе Аліна Коўшык і дадае, што мы не павінны замыкацца ў беларускім гета, мы павінны ганарыцца тым, што мы беларусы, паказваць гэта, але пры гэтым заставацца адкрытымі.