Беларусы ў замежжы: новы тып нацыі – ці проста эміграцыя
Нацыянальная супольнасць за мяжой – міф ці новая рэальнасць?
Дыскусія адбывалася ў закрытым фармаце, таму думкі экспертаў абагульненыя і ананімізаваныя.
- «Як правіла, у эміграцыі дынаміка нацыянальнай ідэнтычнасці рэцэсіўная – з часам яна ідзе на спад»;
- «Пакуль што беларусы ствараюць шмат пляцовак і падтрымліваюць актыўнасць у супольнасці, але гаворка ідзе пра эмігрантаў першага пакалення, якія толькі некалькі гадоў за мяжой»;
- «Для эмігрантаў другога пакалення, якія з нараджэння інтэграваныя ў іншае, роднае для іх грамадства, актуальнасць беларускай ідэнтычнасці пад вялікім пытаннем»;
- «Беларусам зараз як ніколі патрэбныя новыя сэнсы, якія дазволяць аб’яднаць супольнасць і яе намаганні»;
- «Аб’яднанне супольнасці — гэта галоўная мэта для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, і тут патрэбныя крэатыўныя і іннавацыйныя падыходы»;
- «Пераадоленне разрыву паміж беларусамі ў Беларусі і за мяжой— вялікі выклік, які стаіць і будзе стаяць у будучыні перад беларусамі як супольнасцю»;
- «Трэба выкарыстоўваць усе дасяжныя інструменты, каб захаваць беларускую ідэнтычнасць»;
- «Далучыць небеларускамоўных беларусаў да суполак – гэта адзін з тых нетрадыцыйных падыходаў, які дазволіць дасягнуць найбольшага поспеху ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і стварэнні устойлівай і актыўнай супольнасці».
Ідэнтычнасць – справа сямейная
Супольнасць вельмі важная частка захавання ідэнтычнасці, але найбольшую ролю адыгрывае сям’я. Трэба думаць не толькі пра тых, хто з’ехаў, але і пра тых, хто будзе ведаць пра Беларусь выключна з расказаў бацькоў. Для іх, эмігрантаў другога пакалення, беларуская ідэнтычнасць можа стаць, магчыма, і мілым сэрцу, але рудыментам. Намаганні па стварэнню прасторы, у якой беларуская ідэнтычнасць можа быць важнай часткай жыцця кожнага беларуса ў эміграцыі, неабходныя, каб у доўгатэрміновай перспектыве беларускасць не стала наўпрост казкай на ноч.
Беларусу патрэбен беларус
Дыяспара павінна стаць месцам сілы для беларусаў, крыніцай натхнення і напаўнення. Сувязі паміж беларусамі — гэта тое, што робіць супольнасць жывой матэрыяй, дазваляе ёй развівацца і змяняцца, адпаведна з выклікамі і запытамі, якія паўстаюць перад беларусамі. Трэба памятаць, што беларуская нацыя зараз стаіць па абодва бакі тэктанічнага разлому, і не згубіць сувязь зараз ды знайсці шлях да аб’яднання потым — вялікі выклік для беларусаў.
Майстэрня думак “Наша Візія” абмеркавала перспектывы развіцця беларускай супольнасці ў замежжы. Наколькі беларусы хочуць і могуць працаваць над стварэннем нацыянальнай супольнасці ў замежжы і наколькі такая задача выглядае рэалістычнай у сучасным свеце?
Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.
Вадзім Мажэйка – каардынатар “Нашай Візіі”.
***
Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы?
Як правіла, у эміграцыі дынаміка нацыянальнай ідэнтычнасці рэцэсіўная – з часам яна ідзе на спад. Чым больш людзі асімілююцца, засвойваюць новыя ідэнтычнасці, адчуваюць сябе часткай новай супольнасці, тым больш нацыянальная ідэнтычнасць эмігранта аслабевае і пачынае размывацца.
Значную ролю ў захаванні нацыянальнай супольнасці і ўсталяванні сувязяў сярод беларусаў адыгрывае інтэрнэт, які дазваляе ствараць агульную інфармацыйную прастору, каардынаваць сумесныя актыўнасці, а таксама падтрымаць сувязь не толькі сярод дыяспары, але і з беларусамі ўнутры Беларусі. Такім чынам, пакуль што беларусы ствараюць шмат пляцовак і падтрымліваюць актыўнасць у супольнасці, але гаворка ідзе пра эмігрантаў першага пакалення, якія толькі некалькі гадоў за мяжой. На дадзены момант складана прагназаваць дынаміку гэтых працэсаў, але даўгавечнасць і ўстойлівасць такога аплоту ідэнтычнасці, безумоўна, стане вялікім выклікам для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў доўгатэрміновай перспектыве, а тым больш у наступным пакаленні беларусаў.
Бо з цягам часу змяняюцца не толькі ўмовы жыцця, але і сем’і беларусаў, за мяжой нараджаюцца дзеці. Для гэтых беларусаў, эмігрантаў другога пакалення, якія з нараджэння інтэграваныя ў іншае, роднае для іх грамадства, актуальнасць беларускай ідэнтычнасці пад вялікім пытаннем. Яны размаўляюць на іншых мовах, выхоўваюцца ў іншых грамадствах і вырастаюць з іншымі пашпартамі. Пытанне застаецца адкрытым: дзе захаваць месца для беларускай ідэнтычнасці, і ці патрэбна гэта?
Беларусы 2.0
Беларусам становіцца цесна ў жорсткіх рамках тэрмінаў “нацыя” і “народ”. Беларусам зараз як ніколі патрэбныя новыя сэнсы, якія дазволяць аб’яднаць супольнасць і яе намаганні. Эміграцыя — гэта персанальны ўзровень, дыяспара ж заўсёды пра супольнасць. Аб’яднанне гэтай супольнасці — гэта галоўная мэта для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, і тут патрэбныя крэатыўныя і іннавацыйныя падыходы.
Трэба інвеставаць у беларусаў, у іх адукацыю і прафесійныя поспехі. Патрэбныя інвестыцыі ў чалавечы капітал, бо без гэтага немагчыма натуральнае развіццё супольнасці. Менавіта гісторыі поспеху могуць стаць аб’ядноўваючым супольнасць фактарам – тым, што будзе натхняць, стымуляваць памкненне быць часткай гэтай супольнасці.
— Алё! Ну, як там справы?
На дадзены момант можна канстатаваць разрыў паміж беларусамі ў Беларусі і за мяжой. Пераадоленне гэтага разрыву — вялікі выклік, які стаіць і будзе стаяць у будучыні перад беларусамі як супольнасцю. Беларусы за мяжой вучацца шмат чаго рабіць па-новаму: жыць, працаваць, камунікаваць, выхоўваць дзяцей, ды і быць часткай беларускай супольнасці. І чым больш яны засвойваюць гэтыя новыя практыкі і шляхі, тым далей яны ад беларусаў унутры краіны. Напрыклад, тая катэгарычнасць, з якой некаторыя беларусы замежжа ставяцца да расейскага культурнага наратыву, часцей за ўсё не ўласціва беларусам унутры краіны.
Пагрозы русіфікацыі – як і выклікі, звязанныя з захаваннем беларускай мовы, – стаяць перад беларусамі не адно стагодзе. Але ці з’яўляецца мова неад’емнай часткай ідэнтычнасці? Ці абавязковая мова для захавання ідэнтычнасі? Ці могуць інтэрэсы беларускай нацыі палягаць па-за межамі беларускамоўнай прасторы? З аднаго боку мы звычайна разумеем мову як базавую частку ідэнтычнасці, а з другога боку трэба выкарыстоўваць усе дасяжныя інструменты, каб захаваць беларускую ідэнтычнасць. І, мабыць, далучыць небеларускамоўных беларусаў да суполак – гэта адзін з тых нетрадыцыйных падыходаў, які дазволіць дасягнуць найбольшага поспеху ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і стварэнні устойлівай і актыўнай супольнасці.