Беларусь – ЕС: будучыня адносінаў

Як прадэманстраваць еўрапйескасць беларусаў, ці патржбныя і якія санкцыі, і чым дапамагае праект пашпарта Новай Беларусі

Ключавыя думкі

Аліна Харысава
Аліна ХарысаваМаладая амбасадарка ЕС
  • «Нават некаторыя еўрапейцы могуць павучыцца інавацыйнаму падыходу ў беларусаў»;
  • «Абстаноўка ў рэгіёне такая, што месца для нейтралітэту проста ўжо няма: беларускім уладам трэба будзе рабіць выбар паміж Расеяй і Еўразвязам»;
  • «Ужо ў 2021 годзе этап кропкавых санкцый быў пройдзены: Лукашэнка вельмі пастараўся, каб адносіны перайшлі на такі ўзровень эскалацыі напружанасці»;
  • «З аналітычнага безэмацыйнага падыходу – санкцыі патрэбныя, і трэба ўзмацняць іх жорсткасць»;
  • «Санкцыі гэта сігнал не толькі Лукашэнку, але і наменклатуры: калі вы паспрабуеце нешта змяніць і пачаць дыялог, будзем з вамі размаўляць, але вы павінны разумець, хто вінаваты, з-за каго гэтыя санкцыі»;
  • «Калі пасля Лукашэнкі пачнуцца перамены, то магчыма мы здзівімся, наколькі хутка беларусы будуць гатовыя прыняць стандарты Еўразвяза».
Каміль Клысінскі
Каміль КлысінскіCтарэйшы навуковы супрацоўнік, Цэнтр усходніх даследаванняў (OSW, Варшава)
  •  «Трэба будаваць імідж, каб у Еўразвязу была прычына хацець бачыць нас у еўрапейскай сям’і»;
  • «Прапагандысцкі дыскурс “каму мы там патрэбныя” пакідае адчуванне, што беларусы не вартыя быць у ЕС. Таму прапаганду трэба прабіваць, даносіць, што мы частка еўрапейскай сям’і, што ў нас ёсць гісторыя, якая таксама завязана на Еўропе»;
  • «На дадзены момант санкцыі пагаршаюць становішча звычайных беларусаў і беларусак. Санкцыі трэба прымяняць кропкава, не ствараючы перашкодаў для звычайных беларусаў і беларусак»;
  • «Некаторыя еўрапейскія краіны імкнуцца атрымаць максімальную выгаду пры прымяненні санкцый»;
  • «Беларусам трэба перастаць быць зручнымі»;
  • «Трэба сканцэнтраваць усе намаганні на ўсіх магчымых варыянтах, якія дазваляюць беларусам і беларускам існаваць па заканчэнні тэрмінаў беларускіх дакументаў»;
  • «Было б добра, каб беларусы і беларускі больш інтэграваліся і ішлі ў еўрапейскія органы мясцовага самакіравання».

Высновы

Беларусы ў Еўропе і Еўропа ў беларусах

Дзве Беларусі для аднаго Еўразвяза

Пасля 2020 года беларусы патрапілі ў няпростую сітуацыю: пакуль адны з’ехалі наладжваць сваё жыццё ў іншых месцах, іншыя засталіся з мантрай “каму мы там патрэбныя”. І пакуль дэмакратычныя сілы наладжваюць сувязі з еўрапейскімі і сусветнымі лідэрамі, афіцыйны Мінск імкнецца абысці ўсё новыя санкцыі. Пакутуюць у гэтай сітуацыі звычайныя беларусы, і хаця з аналітычнага пункту гледжання санкцыі неабходна пашыраць і паглыбляць, звычайным беларусам і ўнутры краіны і за яе мяжой неабходна падтрымка і пацвярджэнне, што яны патрэбны Еўропе. Беларусам жа трэба працаваць на свой імідж, каб іх хацелі бачыць у еўрапейскай сям’і.

Няпростае жыццё простага беларуса

Беларусы, якія з’ехалі, інтэгруюцца: вучаць мовы, знаходзяць працу, плацяць падаткі. Скончаныя тэрміны дзеяння пашпартоў і немагчымасць уезду ў Беларусь для атрымання новых дакументаў прымушаюць іх шукаць варыянты атрымання дакументаў іншых краін. У гэтым працэсе яны сутыкаюцца з мноствам праблем, і менавіта тут патрэбны актыўны ўдзел еўрапейскіх краін, падтрымка дыяспар, спрашчэнне працэсаў афармлення дакументаў. Беларусь павінна ўспрымацца як сусед усяго Еўразвяза, а не толькі асобных яго краін.

Беларусь пасля Лукашэнкі: час зрабіць выбар

Месца для нейтралітэту не засталося, беларусам трэба рыхтавацца да таго, каб зрабіць выбар пасля Лукашэнкі – і зрабіць яго як адзін народ, які зараз падзелены мяжой, прапагандай і палітычнымі поглядамі. І каб выбар у бок Еўразвяза быў максімальна рэалістычны, беларусам ужо зараз трэба вучыцца быць еўрапейцамі, удзельнічаць у працы мясцовых органаў улады, пераймаць азы дэмакратычных палітычных працэсаў.

Канспект

Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць адносіны Беларусі і Езрасаюза. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для гэтай дыскусіі – якія перспектывы еўрапейская будучыні Беларусі?

У той час, як Мінск рэалізуе курс на сяброўства з Масквой, дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай адкрыта дэкларуюць прыхільнасць еўрапейскаму курсу Беларусі. Падпісанае пагадненне аб супрацы з Еўрапарламентам, у Радзе Еўропы заснаваная кантактная група па супрацы з Беларуссю. У абодвух выпадках бэспрэцэдэнтна, што гэта зроблена без удзелу ўладаў унутры краіны. Разам з тым, канкрэтнае вымярэнне будучых адносінаў паміж Беларуссю і ЕС патрабуе покушу адказаў на шматлікія пытанні.

Свае візіі прадставілі:

  • Каміль Клысінскі – cтарэйшы навуковы супрацоўнік, Цэнтр усходніх даследаванняў (OSW, Варшава).
  • Аліна Харысава — амбасадарка EU Neighbours East.

Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.

***

Еўрапейскія перспектывы Беларусі

Будучыня Беларусі ў Еўразвязе – пры Лукашэнку гэта немагчыма і нават абсурдна, адзначае Каміль Клысінскі. А дэмакратычныя лідары даказалі сваю праеўрапейскасць, і калі пасля Лукашэнкі пачнуцца перамены, то магчыма мы здзівімся, наколькі хутка беларусы будуць гатовыя прыняць стандарты Еўразвяза. Напрыклад, беларускі бізнес ужо даказаў, наколькі ён сучасны і інавацыйны. Еўразвяз і сам зацікаўлены ў трансфармацыі і пераменах у Беларусі. Працэс уступлення – гэта заўсёды складана, патрабуе часу, неабходны кансэнсус сярод краін-сябраў. Але Каміль спадзяецца, што калі Беларусь адкрыецца і змены пачнуцца, дык нават Вугорщчына будзе “за”.

Ёсць прэцэдэнты, калі краіны ўваходзілі ў Еўразвяз і за 2 гады, а ёсць краіны, якія чакаюць па 20 гадоў, адзначае Аліна Харысава. Але улічваючы, якія фактары на гэта ўплывалі, і як гэтыя фактары развіваюцца зараз у Беларусі (карупцыя ёсць, але ніжэй чым ва Украіне на момант пачатку вайны; дыскрымінацыя ёсць, але не такая крытычная як у іншых краінах-кандыдатах), ёсць усе перспектывы. Паводле апытанняў, беларусы і беларускі жадаюць заставацца нейтральнымі – але тут трэба паглядзець, чаму людзі даюць такі адказ. Негледзячы на ўплыў прапаганды, беларусы і беларускі разумеюць, што ў Еўропе большыя заробкі, адпраўляюць вучыцца туды сваіх дзяцей, але на іх уплывае прапаганда.

Прапагандысцкі дыскурс “каму мы там патрэбныя” пакідае адчуванне, што беларусы не вартыя быць у ЕС. Таму прапаганду трэба прабіваць: даносіць, што мы частка еўрапейскай сям’і, што ў нас ёсць гісторыя, якая таксама завязана на Еўропе. Таму што зараз гэтая частка гісторыі выцясняецца, прапаганда спрабуе паказаць, быццам нашая гісторыя пачынаецца ў Расійскай імперыі, потым Савецкі Саюз, а еўрапейскай часткі як быццам і не было. Трэба паказваць, што мы частка Еўропы, і чым мы падобныя да еўрапейцаў.

Гэта задачы на ​​сёння, звяртае ўвагу Каміль Клысінскі, але кажучы пра еўрапейскія перспектывы Беларусі трэба думаць пра тое, што будзе пасля Лукашэнкі: круглы стол з апазіцыяй, свабодныя выбары, выхад на волю ўсіх зняволеных. Тады Еўразвяз адрэагуе, адкрыюцца межы, візы стануць больш даступнымі, гэта будуць відавочныя адказы на перамены ў Беларусі, у тым ліку магчымы і бязвізавы рэжым. Памяняецца і кантэнт СМІ, людзі не будуць больш слухаць прапаганду, даведаюцца больш пра ЕС і змогуць падарожнічаць, пасля некалькіх гадоў такой абстаноўкі меркаванне беларусаў зменіцца.

Дзве розныя Беларусі

На палітычным узроўні цікавасць ЕС да Беларусі не такая ўжо высокая, але есць разуменне таго, што стабілізацыя сітуацыі на мяжы вельмі важная, разважае Каміль Клысінскі. Такі партнёр і ў будучыні сябра Еўрапейскага саюза ў такім важным месцы рэгіёна будзе патрэбны.

Трымаць у фокусе Еўрасаюза дзве розныя Беларусі – гэта задача еўрапейскіх аналітыкаў: тлумачыць, узнімаць пытанні. Таксама гэта задача МЗС – у некаторых, напрыклад у польскім, ёсць аддзяленні спецыяльна па Беларусі, і потым гэтыя пытанні ўзнімаюцца ў Бруселі. 

Трэба, каб такія аддзяленні з’явіліся ў кожнай краіне Еўразвяза, каб Беларусь успрымалася не толькі як сусед Польшчы, Літвы і Латвіі, але як сусед ЕС, дадае Аліна Харысава. Еўрапейскія краіны не прызналі вынікі выбараў, ізаляцыйная палітыка працягваецца ўжо цягам чатырох гадоў, і гэта ўжо вялікі поспех. Важна, каб пасля “выбараў”-2025 працягнуліся  інтэграцыйныя працэсы з дэмакратычнымі сіламі. Ужо існуючыя вялікія поспехі ў гэтым накірунку – падпісаныя дамовы з Еўрапарламентам, Катнактная група Рады Еўропы з прадстаўнікоў белаурскіх дэмакратычных арганізацый.

Мільён на адносіны

Разважаючы пра тое, куды інвеставаць мільён на карысць еўрапейскай будучыні Беларусі, Каміль Клысінскі прапануе прасоўваць імідж беларускай дыяспары ў вачах еўрапейскай супольнасці: паказаць, наколькі праеўрапейскія беларусы, як яны станоўча ставяцца да ЕС, як яны скептычна ставяцца да цяперашняй Расіі і да Пуціна. Бо пакуль цікаўнасць да беларусаў невысокая, затое ёсць розныя стэрэатыпы і з’яўляецца недавер.

Аліна Харысава прапануе, па-першае, укласціся ў адукацыю беларускіх спецыялістаў і спецыялістак у найлепшых ВНУ гэтага свету, каб мы атрымалі найлепшых экспертаў і экспертак для будучыні Беларусі. Па-другое, варта ўкласціся ў інфлюенсераў і інфлюенсерак, каб яны прасоўвалі думку аб тым, што трэба ўступаць у Еўрасаюз, які ён насамрэч, якія каштоўнасці за гэтым стаяць. І самую большую частку грошай варта ўкласці ў развіццё IT, бо гэта добры імідж, які Беларусь можа пабудаваць у Еўразвязе. Трэба будаваць гэты імідж, прапаноўваць гэта Еўразвязу, каб у іх была прычына хацець бачыць нас у Еўрапейскай сям’і.

Санкцыі: адмяніць нельга пакінуць

Каміль Клысінскі зазначае, што пытанне дыялогу з Лукашэнкам уздымаецца на эмоцыях сем’яў, калег і сяброў палітвязняў. І з чалавечага пункту гледжання ўсе галасы аб тым, што трэба змякчаць санкцыі, і тады магчыма Лукашэнка адпусціць палітвязняў, можна зразумець. Але з прагматычнага аналітычнага пункту гледжання гэта прапанова не мае ніякіх падставаў: з аналітычнага безэмацыйнага падыходу санкцыі патрэбныя, і іх трэба ўзмацняць. 

Гэтыя санкцыі не для таго, каб Лукашэнка заўтра памяняў сваю палітыку, а для таго, каб у Мінску зразумелі, што ціск будзе расці, і Захад салідарны ў гэтым пытанні, саступак не будзе, мы ідзем да канца. У Польшчы ўжо стоадсоткавае разуменне – трэба думаць, што будзе пасля Лукашэнка. Санкцыі гэта не толькі сігнал Лукашэнку, але і наменклатуры: калі вы паспрабуеце нешта памяняць і пачаць дыялог, мы будзем з вамі размаўляць, але вы павінны разумець, хто вінаваты, з-за каго гэтыя санкцыі. 

Беларусам трэба перастаць быць зручнымі, заяўляе Аліна Харысава. Санкцыі трэба прымяняць кропкава, а не ствараючы перашкодаў для звычайных беларусаў і беларусак, як гэта адбываецца цяпер. Бо гэта таксама негатыўна адбіваецца на меркаванні аб Еўразвязе. У людзей не застаецца выбару, яны едуць у Расею зарабляць і адпачываць нават калі яны супраць дзеянняў Расеі.

Некаторыя еўрапейскія краіны імкнуцца атрымаць максімальную асабістую выгаду пры прымяненні санкцый. Яны прымяняюць санкцыі, каб паказаць ціск на Лукашэнку, але не хочуць ствараць для сябе нявыгадных умоў, напрыклад у гандлі. Можна паглядзець на розныя пакеты санкцый, якія прымяняліся супраць Расеі і Беларусі пасля 2022, і некаторыя краіны блакіравалі пакет толькі калі даходзіла да іх прыватных прыбыткаў (як Бельгія з дыяментамі). Трэба ціснуць на краіны Еўразвяза, каб яны накладвалі санкцыі на тыя галіны, якія магчыма і ім створаць нявыгадныя ўмовы, але гэта неабходна. Патрэбныя кропкавыя санкцыі на дзяржпрадпрыемствы, на чыноўнікаў, на Лукашэнку і ягоную сям’ю. І максімальна пазбягаць тых санкцый, якія негатыўна ўплываюць на жыццё простых беларусаў і беларусак.

Адсутнасць даступнасці віз гэта не санкцыі, гэта збег абставінаў, тлумачыць Каміль Клысінскі, і спадзяецца, што будуць распрацаваны схемы, як вырашыць гэтае пытанне. Няма кропкавых ці сектаральных санкцыяў супраць грамадства, але ёсць санкцыі супраць эканомікі і ўладаў дзяржавы. Ужо ў 2021 годзе Лукашэнка вельмі пастараўся, што адносіны перайшлі на такі ўзровень эскалацыі напружанасці, калі этап кропкавых санкцый пройдзены. І ў чэрвені 2021 года былі ўведзены сектаральныя санкцыі па нафтапрадуктах.

Беларуская Швейцарыя

Этап ідэі нейтралітэту ўжо пройдзены, выказвае думку Каміль Клысінскі. Фармальна з беларускай канстытуцыі пасля лютага 2022 года выкраслена імкненне да нейтралітэту і бяз’ядзерны статус. Беларусь беспрэцэдэнтна зблізілася з Расіяй, і нават калі гэта скончыцца, выбар ужо будзе просты. Напад на Украіну ў 2022 годзе паказаў, што месца для нейтральнай Беларусі няма. У залежнасьці ад сытуацыі беларускім уладам трэба будзе рабіць выбар паміж Расеяй і Еўразвязам.

Швейцарыя геаграфічна магла забяспечваць свой нейтралітэт. А беларусы ўжо знаходзяцца на падзеле ўсходняга і заходняга свету, і ад нас залежыць, будзе гэтая мяжа праходзіць па Беластоку – ці па Смаленску. Пасля 2022 года ўсім стала зразумела, што час вызначыцца, упэўнена Аліна Харысава.

Дыяспара: узаемны досвед

Беларускія дыяспары дэманструюць, што гэта еўрапейская нацыя; гэта людзі, якія ўмеюць старанна працаваць, не скандаляць, дастаткова добра інтэгруюцца, і гэта ўжо працуе на стварэнне станоўчага іміджу для беларусаў. Было б добра, каб беларусы больш інтэграваліся і ішлі ў еўрапейскія органы мясцовага самакіравання, упэўнена Аліна Харысава. Для таго, каб у дыяспары былі свае прадстаўнікі, і каб мы вучыліся дэмакратыі, пераймалі досвед.

Каміль Клысінскі згодны: беларусы паказваюць, што нават некаторыя эўрапейцы могуць павучыцца інавацыйнаму падыходу ў беларусаў. А Польшча насамрэч можа паказаць як уладкаваць урад – не толькі на цэнтральным, але і на месцовым, лакальным узроўні, згодны. Мясцовая ўлада вельмі добра развіта, там вырашаюцца вялікія пытанні і размяркоўваюцца бюджэты. Менавіта мясцовая ўлада ў асноўным размяркоўвае сродкі Еўразвязу.

Пашпарты Новай Беларусі

З аднаго боку людзям несумнеўна патрэбныя дакументы, адзначае Каміль Клысінскі, але з іншага боку ёсць вельмі сур’ёзныя юрыдычныя аспекты. Пакуль ніхто ў Еўразвязе не можа прызнаваць гэтыя пашпарты. Узнікаюць пытанні дыпламатычнага характару, пытанні прызнання афіцыйных пашпартоў Беларусі. Пасля прызнання новых пашпартоў Каміль мяркуе што будзе поўны разрыў адносін з афіцыйным Мінскам, і гэта таксама не вельмі пажадана. Ёсць магчымасць пакінуць гэты пашпарт толькі для перамяшчэння, але гэта таксама пытанне, як гэта аформіць. Але як сімвал, нават без юрыдычнай сілы, гэты пашпарт, вядома, патрэбны.

Беларусам нашмат цяжэй атрымаць статус бежанца, таму што Беларусь не лічыцца краінай небяспечнага паходжання, расказвае Аліна Харысава.  І таму цяпер, калі ў многіх людзей закончваюцца пашпарты, трэба сканцэнтраваць усе намаганні на ўсіх магчымых варыянтах як беларусам можна існаваць па заканчэнні дакументаў: гэта і прызнанне скончаных дакументаў, і трэвел дакументы для замежнікаў (з атрыманнем якіх ёсць вельмі шмат цяжкасцяў, асабліва ў краінах, якія не мяжуюць з Беларуссю). Праект пашпарта Новай Беларусі патрэбны, каб уздымаць гэтую тэму, гэта беспрэцэдэнтны маштаб, дакумент прадстаўляецца ў найвышэйшых еўрапейскіх інстанцыях. І гэта як мінімум паднімае пытанне і прымушае задумацца над новымі і ўжо існуючымі шляхамі вырашэння праблемы, тымі ж трэвел дакументамі.

Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць