Пасляваенная Беларусь: як забяспечыць устойлівы мір
НАТА ці нейтралітэт, войска Шродзінгера, і падрыхтоўка прабеларускіх афіцэраў
- “Асноўная пагроза ў тым, што Беларусь у чарговы раз будзе на скрыжаванні трэцяй сусветнай”;
- “Невядома, ці дажыве НАТА і Еўрапейскі Звяз да канца гэтага канфлікту”;
- “Дактрына абароны НАТА абсалютна правалілася: у Расеі не існуе такой дэфініцыі, як непрымальныя страты. Для іх галоўнае, каб танкі, умоўна кажучы, стаялі пад Берлінам”;
- “Без [незалежнай] Беларусі працягласць мяжы НАТА з Расеяй павялічваецца ў два разы”;
- “Нам варта вырашыць, ці мы збіраемся разам [з Украінай і Польшчай], разбудоўваем нашу ваенную прамысловасць, каб яны дапаўнялі адна адну і робім стаўку на рэгіянальную супрацу. Альба праз час мы ператвараемся ў донара чалавечага матэрыялу для больш буйных краінаў”;
- “Каряпнкоўцы пасля 2020-га ўверавалі ў тое, што яны Рэмбо і выканаюць баявую задачу. Але рэальна баявога досведу ў іх няма”;
- “Галоўная мантра ў беларускім войску – «дайце мне дажыць да пенсіі», а дажыванне да пенсіі з паходам на вайну ўвогуле неяк не спалучаецца”.
- “НАТА ніколі не абяцала абараняць Украіну. Таму НАТА сваю функцыю выконвае зараз”;
- “Калі б для Пуціна было крытычна важна, то беларускія войска ва Украіне былі”;
- “Што датычыцца нейтралітэту, у ўмовах Беларусі гэта немагчыма”;
- “У будучыні ўступленне Беларусі ў НАТА тэарэтычна магчыма, але гэта самы ідэальны варыянт – каб яго здзейсніць, шмат фактараў павінна супасці”;
- “Беларускае войска – гэта такое войска Шродзінгера: яно ёсць, але яго няма”;
- “Абарона – гэта справа не толькі вайскоўцаў. Павінна быць разуменне, што будзе рабіць кожны ў сітуацыі вайны”.
Мясцовы адміністратар: ці супраціўляўся Лукашэнка? Лукашэнка выканаў усё, акрамя ўвядзення беларускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, але ў астатнім аказаў поўную падтрымку расейскім вайскоўцам. Здаецца, што Пуцін не надта ціснуў – яго задавальняў гэты баланс. Вайна Расеі з НАТА ўжо ажыццяўляецца, і Беларусь у чарговы раз будзе на скрыжаванні трэцяй сусветнай.
Нейтралітэт немагчымы: дзе месца для Беларусі. З аднаго боку, адбыўся падрыў усіх інстытутаў, падыходаў і дактрын. Вызначылася, што базаваке паразуменне Захада аб непрымальных стратах не працуе для Расеі; больш за тое, бізнес-логіка таксама не з’яўляецца галоўнай. З ігшана боку, вайна ў Украіне зняла пытанне для Захада навошта патрэбнае НАТА, нават Швецыя і Фінляндыя вырашылі далучыцца. Для Беларусі ўвайсці ў НАТА гэта мара. Але з любога пункту гледжання і нейтралітэт не магчымы.
Іншая магчымасць паўстае ў кантэксце рэгіянальнага саюзу. Беларусь зʼяўляецца важным элементам еўрапейскай бяспекі разам з суседзямі: Украінай і Польшчай. Абʼяднаўшыся ў рэгіянальны саюз мы маглі б знайсці свае месца ў еўрапейскім ваенна-палітычным ландшафце.
Беларускае войска: дачы, пенсія і Шродзінгер. Беларускае войска – гэта такое войска Шродзінгера: яно ёсць, але яго няма. Вайна неяк не ўкладваецца ў жыццёвыя мэты беларускіх вайскоўцаў: яны мараць ціха дажыць да пенсіі і адпачыць на сваіх пабудаваных на сацыяльныя льготы дачах, а не загінуць даесці на Данбасе. Тым не менш, на жаль, шмат людзей наўпрост выконвае загад, таму што ментальна і псіхалагічна яны бачаць гэта як найлепшы шлях да самавыжывання.
Абарона на мільён: куды ўкласці грошы. Трэба разуменне, што абарона – гэта агульная справа, а не толькі вайскоўцаў. Што кожны будзе рабіць у выпадку вайны? Неабходна сістэмная праца па інфармаванні і адукацыі беларусаў на вайсковыя тэмы, а таксама падрыхтоўка сучаснага афіцэрскага корпусу.
Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць доўгатэрміновы ўплыў на Беларусь вайны Расіі супраць Украіны. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для гэтай дыскусіі – як забяспечыць устойлівы мір у пасляваеннай Беларусі?
Схільнасць грамадства да негвалтоўнасці, словы “мы беларусы, мірныя людзі”, ды нават імкненне ўладаў быць донарам бяспекі – па ўсім гэтым два гады таму праехалі гусеніцы расійскіх танкаў. Беларусам не ўпершыню жыць у пасляваеннай будучыні, але на гэты раз Мінск яшчэ і суагрэсар.
Свае візіі прадставілі:
- Алена Кудзько – віцэ-прэзідэнт міжнароднага аналітычнага цэнтра GLOBSEC (Славакія).
- Зміцер Міцкевіч – рэдактар Belarus Security Blog, вядоўца аналітычнага ток-шоў “План Б” тэлеканала Белсат.
Цімох Акудовіч – мадэратар дыскусіі.
***
Тэрыторыя Беларусі як плацдарм
Беларусь фактычна выкарыстоўваецца як вайсковы плацдарм Расеі, адзначае Алена Кудзько, а Лукашэнка з’яўляецца як бы мясцовым адміністратарам, у якога нават не пытаюцца дазволу, а толькі паведамляюць, калі будзе трэба выкарыстаць тэрыторыю. Беларусь не зʼяўляецца абсалютна незалежнай краінай, і таму беларускія войскі могуць быць непасрэдна альбо наўпрост ўцягнутыя ў любыя вайсковыя канфлікты. Беларускія войскі не ўвайшлі ва Украіну, але вельмі актыўна дапамагалі расейскім войскам на сваёй тэрыторыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі шлі ракетныя ўдары. Таму тое, што назіраецца зараз у Белгарадзе, можа здарыцца і ў Беларусі.
Зміцер Міцкевіч згаджаецца, што гэты канфлікт будзе павялічвацца, і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі можа стаць больш важным для Крамля. Зміцер не бачыць сутнаснай розніцы між Лукашэнкам і расейскімі губернатарамі, з якімі ён рэгулярна сустракаецца, па ўзроўні самастойнасці. Таму тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстоўвацца як плацдарм для атакі на Украіну і, верагодна, краіны Захада.
Змітру не складана ўяіць, як Расея атакуе НАТА, бо ён лічыць, што такая вайна ўжо ідзе – хіба што не канвенцыйнымі сродкамі, не наўпрост наземныя аперацыі. Але мы ўжо бачым пашырэнне гэтага канфлікту на іншыя краіны: у Афрыцы першыя перакрыжаванні нават украінскіх ваенных і расейскіх, розных проксі. Таму асноўную пагрозу Зміцер бачыць у тым, што Беларусь у чарговы раз будзе на скрыжаванне трэцяй сусветнай.
Алена Кудзько падкрэслівае два фактары: узровень ціску на беларускія ўлады і ўзровень іх супраціву. Мы не ведаем дакладна, які там узровень ціску, і складана адказаць, ці Лукашэнка сапраўды супраціўляўся. Вядома, быў ціск зрабіць як мага больш – і Лукашэнка зрабіў фактычна ўсё, акрамя ўвядзення войска на тэрыторыю Украіны. Але здаецца, што калі б для Пуціна было б крытычна важна, то беларускія войска б там былі. Але падаецца, што гэта было не крытычна для Пуціна, і таксама не хацелася дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі і адчыняць другі фронт. Пуціна задавальняў гэты баланс: беларускія войскі застаюцца на тэрыторыі Беларусі трымаць стабільнасць пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, і дапамагаюць ва ўсіх астатніх напрамках.
Ці месца Беларусі ў НАТА?
Зміцер Міцкевіч перш за ўсё падкрэслівае, што зараз мы бачым падрыў стабільнасці ўсіх інстытутаў ЕС і НАТА, і невядома, дажывуць яны да канца гэтага канфлікту. Дактрына абароны НАТА, дактрына непрымальных стратаў, абсалютна правалілася. Яна наўпрост не працуе, таму што яны мералі ўсіх па сваіх лякалах. Гэта можна прасачыць на атацы Расеі на Украіну.
Нібыта калі знішчыць увесь расейскі авангард, то Расея адступіць і вырашыць, што гэтыя страты непрымальныя, у краіне наступяць незваротныя працэсы. А ў Расеі не існуе такой дэфініцыі, як непрымальныя страты. Ім па барабану, для іх гэта ўвогуле не праблема. Для іх галоўнае, каб танкі стаялі пад Берлінам, умоўна кажучы. Яны думаюць такімі катэгорыямі, а Заход такімі катэгорыямі не думае. Захад лічыў, што рабіць бізнес і нармальна развівацца – гэта прыярытэт для ўсіх, а аказалася, што не.
Таму Зміцер не гатовы вызначыць стратэгічную перспектыву Беларусі ў НАТА, але тое, што нейкі нейтралітэт немагчымы, лічыць адназначным.
Алена Кудзько не пагаджаецца наконт НАТА і Еўразвязу, на яе думку яны перажывуць гэты канфлікт. Да вайны, якую распачала Расея наогул было пытанне навошта патрэбна гэтае НАТА – а цяпер Швецыя і Фінляндыя вырашылі далучыцца.
Што ж тычацца дактрыны калектыўнай абароны, то НАТА ніколі не абяцала абарону Украіны. Таму НАТА сваю функцыю выконвае зараз. Што датычыцца Беларусі ў сённяшнім стане, то мы не можам разлічваць на дачыненне. У будучыні уступленне ў НАТА тэарэтычна магчыма, але гэта самы ідэальны варыянт, і каб яго здзейсніць, шмат фактараў павінна супасці.
А вось пра немагчымасць нейтралітэту ва ўмовах Беларусі Алена згодная. Швейцарыя альбо Аўстрыя – гэта фрырайдэры, яны фактычна выкарыстоўваюць абарончую сістэму суседзяў. Зусім іншы прыклад – гэта Фінляндыя і Швецыя, якія лічылі, што нейтралітэт можа іх уратаваць (хоць у выніку ўсё роўна далучылдіся да НАТА. Але такі скандынаўскі нейтралітэт азначае, што нам трэба развіваць велізарную абаронную індустрыю, мець добрую сучасную армію.
Ці месца Беларусі ў рэгіянальным саюзе?
Зміцер Міцкевіч звяртае ўвагу на вось Лондан-Варшава-Кіеў. І адзначае, што вельмі важна тут падкрэсліць Лондан, які, пасля выхаду з Еўразвязу, таксама шукае свае праекцыі ў міжнароднай палітыцы. І гэта можа быць зачэпкай для Беларусі, Украіны і Польшчы, каб павялічыць сваю ролю на карце Еўропы. І тут нам варта вырашыць, ці мы збіраемся разам, разбудоўваем нашу ваенную прамысловасць, каб яны дапаўнялі адна адну, і робім стаўку на рэгіянальную супрацу. Альба праз час мы ператвараемся ў донара чалавечага матэрыялу для больш буйных краінаў.
Беларусь – вельмі важны элемент у сістэме рэгіянальнай бяспекі, таму што без яе працягласць мяжы НАТА з Расеяй павялічваецца ў два разы. Таму альбо Беларусь уваходзіць у сістэму еўрапейскай бяспекі, са сваім чалавечым патэнцыялам і гістарычным абгрунтаваннем, альбо застаецца гэты балкон пад кантролем Расеі.
Алена Кудзько адзначае, што гэтая прапанова з’явілася як прамежкавы крок для ўкраінцаў, таму што ім не маглі паабяцаць сяброўства ў НАТА. Цяперашнія ж абацанні хутчэй сістэма двухбаковых дамоваў. Што вельмі важна, але не замяняе калектыўнай абароны. Канешне, чым больш розных інтэграцыйных працэсаў тым лепш, але гэта не выратуе Беларусь. Алена мяркуе, што Ўкраіна ўступіць у НАТА, пытанне калі і ў якім выглядзе. Для Ўкраіны важны любыя гарантыі бяспекі, і таму яна зараз робіць шмат двухбаковых дамоваў – але яны не з’яўляюцца такімі моцнымі як дамова калектыўнай абароны ў НАТА.
Войска Шродзінгера: што не так з беларускай абаронай
Характарызуючы беларускае войска, Зміцер Міцкевіч звяртае ўвагу, што заўсёды ёсць людзі якія выканаюць любыя загады, мы бачылі гэта ў 2020 годзе. Каряпнкоўцы пасля 2020-га ўверавалі ў тое, што яны Рэмба і выканаюць баявую задачу. Але рэальна баявога досведу ў іх няма. А расейцы прайшлі сірыйскую кампанію, у іх баявы досвед ёсць. Разам з тым, Зміцер адзначае процьму магчымасцей не выконваць загады і не несці нават адказнасці: танкі не завяліся, вайскоўцы захварэлі.
Большасць тых, хто ішоў у беларускае войска, ішлі туды, каб атрымаць сацыяльныя льготы, пабудаваць кватэру, дачу, дзяцей устроіць, пажадана за мяжу. І паход на вайну не супадае ні з адной з гэтых мэтаў. Там увогуле адсутнічае матывацыя штосьці рабіць, несці нейкую адказнасць, у штосьці ўвязвацца. Самая галоўная мантра ў беларускім войску «дайце мне дажыць да пенсіі», а дажыванне да пенсіі з паходам на вайну ўвогуле ніяк не спалучаецца.
Алена Кудзько пагаджаецца, што беларускае войска – гэта такое войска Шродзінгера: яно ёсць, але яго няма. Тое, што робіць зараз Беларусь, недастаткова, каб пабудаваць прафесійную армію. Складана і з прызыўнікамі: адна справа абараняць сваю краіну, а зусім іншая – патлумачыць ім, чаму яны мусяць ехаць у якой-небудзь Крым. Хоць і такія вайскоўцы могуць быць вельмі карысныя Расеі. Як і ўласна ў расейскім войску шмат людзей на перадавой такія ж прызыўнікі, якія не ведаюць, чаму яны папатрапілі туды. Але, нажаль, шмат людзей наўпрост выконвае загад, таму што ментальна і псіхалагічна яны бачаць гэта як найлепшы шлях да самавыжывання. Алена баіцца, што калі закінуць беларусаў у той жа Данбас, то большасць пойде – хоць і доўга там не працягне.
Зміцер Міцкевіч падкрэслівае розніцу стану беларускіх прызыўнікоў у параўнанне з расейскімі, а) Беларусь вельмі кампактная, няма вялікіх і вельмі бедных рэгіёнаў; б) Шмат якія “прафесійныя вайскоўцы” – гэта проста кантрактнікі, якія такім чынам пазбягаюць тэрміновай службы; в) У беларусаў няма імперскай ментальнасці.
Ідэі на мільён: прабеларускі афіцэрскі корпус і інфакампанія
Зміцер Міцкевіч зазначае, што жах – гэта не сама мілітарызацыя і вайсковая падрыхтоўка, а тое, што адбываецца ідэалагічна. Пакуль кожны чалавек не зразумее, што ён грамадзянін і гэта яго адказнасць абараняць сваю краіну, будзе гамон.
Таму тое, што можна зрабіць за мільён – гэта падрыхтоўка свайго афіцэрскага корпуса. Патрэбныя людзі, якія будуць прымаць удзел у вызваленні Беларусі ад лукашэнкаўскіх і расейскіх акупантаў, а пазней будаваць незалежнае беларускае войска. Праўда, Зміцер дадае, што магчымасць пашыраць існуючыя і ствараць новыя парамілітарныя структуры залежыць ад палітычнай волі тых краінаў, дзе зараз знаходзяцца беларусы.
Алена Кудзько падкрэслівае, што існуе канцэпт усеагульнай абароны. Абарона – гэта справа не толькі вайскоўцаў. Мусіць быць разуменне, што будзе рабіць кожны ў сітуацыі вайны. Таксама Алена прапануе інфармацыйную кампанію па вайсковай тэматыцы, каб працаваць з міфічнымі перакананнямі (напрыклад, пра НАТА), змагацца з прапагандай, распавядаць на простай мове пра гэтыя тэмы.