Якім павінен быць каштоўнасны падмурак Новай Беларусі

Што мусіць праходзіць чырвонай стужкай праз будучыя беларускія рэформы – і нашыя візіі

Ключавыя думкі

Кацярына Дзяйкала
Кацярына ДзяйкалаPhD, юрыстка-міжнародніца, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
  • “Прынцыпы не могуць разыходзіцца з каштоўнасцямі. Прынцыпы могуць быць розныя, але будуецца дзяржава на тых, якія адпавядаюць каштоўнасцям”;
  • “Вяршэнства права і дэмакратычныя каштоўнасці павінны быць тымі краевугольнымі камянямі, на якіх грунтуюцца агульныя прынцыпы”;
  • “Нацыянальная арыентаванасць і дэмакратычная аснова – гэта складнікі, якія не трэба супрацьпастаўляць”;
  • “Галоўная задача – пачаць паслярэжымнае будаўніцтва з прынцыпова іншых падыходаў, якія грунтуюцца на дэмакратычным ладзе і вяршэнстве права”;
  • “Важна ініцыяваць і стымуляваць грамадскую дыскусію пра каштоўнасці, каб розныя групы вялі сэнсавыя дыскусіі і шукалі кансэнсус разам”;
Зміцер Крук
Зміцер Крукмагістр эканомікі, старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC.
  • “Нам трэба сысці з расійскай арбіты і іх жадання бачыць нас сваім сатэлітам. Гэта не дае прінцыпова развівацца нейкаму беларускаму праекту”;
  • “Практычны рэцэпт – любымі спосабамі абмежавацца ад расейскага імперыялізму і фашызму”;
  • “Еўрапейскі звяз – гэта фактычная магчымасць існавання нацыянальнай дзяржавы ў Еўропе, парасон абароны ад расейскага імперыялізму”;
  • “Неасэнсаванае ўсведамленне сябе народам – гэта тое, што дае нам магчымасць дамаўляцца”;
  • “Калі мы сыходзім з жадання пабудаваць агульную краіну, то пытанне мовы мусіць быць адкладзенна”.

Мадэратар дыскусіі:

Вадзім Мажэйка
Вадзім МажэйкаPhD, каардынатар “Нашай Візіі”

Высновы

Прынцыпы і каштоўнасці для Новай Беларусі

Прынцып арыентацыі на будучыню і каштоўнасць інклюзіі. Арыентавацца трэба не на мінуўшчыну, а на будучыню: на такую Беларусь, дзе розныя людзі маюць магчымасць рэалізаваць розныя канцэпты і праекты, так, як яны іх бачаць. Мець права і магчымасць быць рознымі і абіраць розныя шляхі, якія адпавядаюць іх інтарэсам і поглядам. 

Прынцып суіснавання і каштоўнасць дыялогу. Ад таго, як розныя групы здолеюць дамовіцца, залежыць, у якой Беларусь мы будзем жыць. Нягледзячы на адрозненні, беларусам трэба навучыцца дамаўляцца. Істотна, каб розныя групы знайшлі агульныя каштоўнасці.

Пошук кансэнсусу, дыялог – гэта сама па сабе каштоўнасць, без якой немагчымае суіснаванне. Шукаць баланс паміж правамі і каштоўнасцямі розных груп – асноўная задача дзяржавы. Умовы, працэсы і працэдуры, якія дазваляюць шукаць кансэнсус – гэта і ёсць дэмакратычныя каштоўнасці.

Прынцып правоў чалавека і каштоўнасць чалавечай годнасці. Правы чалавека павінны быць базісам дзяржаўнай палітыкі, закладзеным на сістэмным узроўні. Каб дзяржава распрацоўвала і імплементавала палітыкі з улікам інтарэсаў усіх груп, павінна быць рамка вяршэнства права, якая мае на ўвазе павагу да любога чалавека, прызнанне чалавечай годнасці і адсутнасць дыскрымінацыі. 

Прынцып адстройкі ад расейскага імперыялізму і каштоўнасць адзінага базіса беларусаў. Геапалітычны чыннік у значнай ступені ўплывае на прэферэнцыі беларусаў і тлумачыць, адкуль у грамадстве ўзяліся культурныя адрозненні. Таму яго трэба нівеляваць. Гэта будзе магчыма дзякуючы таму, што беларусы адчуваюць сабе адзіным народам, і таму будуць шукаць шляхі, каб дамовіцца.

Канспект

Майстэрня думак “Наша Візія” сабрала візіянераў, каб абмеркаваць каштоўнасны падмурак Новай Беларусі. Наш фокус – на будучыню, нашае галоўнае пытанне для дыскусіі – што мусіць праходзіць чырвонай стужкай праз будучыя беларускія рэформы – і нашыя візіі? 

Правы чалавека? Негвалтоўнасць? Беларусізацыя і дэкаланізацыя? Фемінізм? Хрысціянства? Liberté, Égalité, Fraternité? Ці нешта яшчэ? І самае галоўнае – як мы можам пачаць уплываць на развіццё “правільных” каштоўнасцяў у цяперашніх умовах?

Свае візіі прадставілі:

  • Кацярына Дзяйкала – PhD, юрыстка, экспертка Беларускага Хельсінкскага Камітэта;
  • Зміцер Крук – магістр эканомікі, старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC.

Вадзім Мажэйка – мадэратар дыскусіі, каардынатар “Нашай Візіі”.

***

Ад агульных каштоўнасцяў да агульных прынцыпаў

“Грамадства ніколі не будзе аднародным, каштоўнасці будуць розныя”, упэўненая Кацярына Дзяйкала. А правы чалавека выступаюць як скразныя каштоўнасці – рамка, якая дазволіць суіснаваць людзям з рознымі персанальнымі каштоўнасцямі і цывілізавана вырашаць непазбежныя канфлікты. Шукаць баланс паміж правамі і каштоўнасцямі розных груп на аснове вяршэнства права – асноўная задача дзяржавы. І такія ўмовы і працэдуры, якія дазваляюць шукаць кансэнсус, і ёсць дэмакратычныя каштоўнасці. 

Зміцер Крук згодны, што разыходжанне каштоўнасцяў у грамадстве – гэта нармальна. У беларускай грамадскай думцы ён бачыць хоць і найвялікшую каштоўнасную сярэдзіну, але і досыць важкія – у параўнанні з іншымі краінамі – флангі з супрацьлеглымі культурнымі арыентацыямі і геапалітычнымі перавагамі. Такім чынам, у падмурку Новай Беларусі Зміцер бачыць сэнс закладаць не каштоўнасці (“што трэба рабіць”), а прынцыпы (“як трэба рабіць”). Сістэмаўтвараючымі ён бачыць прынцып суіснавання розных частак грамадства і прынцып арыентацыі на будучыню.

Кацярына Дзяйкала, аднак, настойвае, што прынцыпы не могуць разыходзіцца з каштоўнасцямі. Дзяржава можа будавацца толькі на тых прынцыпам, якія адпавядаюць базавым каштоўнасцям. І дамаўляцца мае сэнс толькі разумеючы агульны каштоўнасны кампанент, бо інакш суіснаванне будзе цяжка ўтрымліваць у агульнай сістэме каардынатаў. Зміцер Крук жа мяркуе, што агульныя каштоўнасці не ёсць абавязковай перадумовай агульных прынцыпаў, бо адны і тыя ж прынцыпы могуць узнікаць з розных каштоўнасцяў. 

Падалей ад геапалітыкі, імперыялізму і фашызму

Кацярына Дзяйкала звяртае ўвагу, што быць супраць Лукашэнкі – гэта яшчэ зусім не значыць мець іншыя каштоўнасці. Яна бачыць гэта ў тым ліку ў чатырохгадовай эвалюцыі розных групаў і людзей, якія выходзілі разам у 2020-м. Адпаведна, галоўная задача – пачаць паслярэжымнае будаўніцтва не проста з іншымі імёнамі, а з прынцыпова іншымі падыходамі, якія грунтуюцца на дэмакратычным ладзе і вяршэнстве права. Каб пры пераўстанове дзяржавы розныя групы знайшлі агульныя каштоўнасці. Бо дыялог у пошуку кансэнсусу – гэта сама па сабе каштоўнасць: наколькі розныя флангі грамадства ўвогуле лічаць патрэбным дамаўляцца адзін з адным для суіснавання.

Зміцер Крук згодны, што альтэрнатыва – жаданне, каб адна частка грамадства атрымала суцэльную перамогу над іншай часткай, – гэта акурат тое, што робіць зараз рэжым. Зміцер разважае, чаму гэтыя флангі, якія існуюць і любым грамадстве, у беларускім выпадку такія розныя па пазіцыях. Ён бачыць прычыну ў розніцы геапалітычных перавагаў – праблеме, якая вынікае з самога факта існавання нашага ўсходняга суседа, і пра якую беларускія мысляры разважаюць не адно стагоддзе. Таму было б наіўна меркаваць, што мы зможам хутка ад гэтага пазбавіцца – галоўны лекар тут час, гэта будзе паступовы працэс.

Каротка Зміцер апісвае яго так: любымі спосабамі абмежавацца ад расейскага імперыялізму і фашызму, сысці з расейскай арбіты і іх жадання бачыць нас сваім сатэлітам. Гэта не дае прынцыпова развівацца нейкаму беларускаму праекту. 

На думку Змітра аптымальна было б, каб геапалітычны чыннік падчас пераменаў сышоў на другі план гэтак жа, як у 2020 годзе. Гэтая рэалізацыя прынцыпу арыентацыі на будучыню “Мы хочам новую Беларусь” (якую – меркаванні былі зусім розныя) дасць шанец паступова гэтыя флангі зблізіць. На базе латэнтнай культуры, якая яднае беларуса, гэтае збліжэнне дапаможа народу стаць больш адзіным, супольным палітычным суб’ектам, які здольны праяўляць і адстойваць сваю палітычную волю.

Разам з тым, візіянеры згодныя, што арыентацыя на сяброўства ў Еўразвязе Беларусі ўсё ж патрэбная, гэта стратэгічнае рашэнне. Кацярына Дзяйкала звяртае ўвагу, што там ужо сфармуляваныя рамкі, і ў межах ЕС краіна трапляе ў такі стан рэчаў, які з часам пераўтвараецца ў палітычную культуру. Зміцер Крук кажа проста: Еўразвяз – гэта ровар, які ўжо вынайшлі, і мы можам проста ім скарыстацца. Каб не захраснуць у той каляіне, з якой не выберамся. Бо сёння Еўрапейскі звяз – гэта не толькі магчымасць існавання нацыянальнай дзяржавы ў Еўропе, але і парасон абароны ад расейскага імперыялізму.

На якой мове будзем дамаўляцца?

Зміцер Крук мяркуе, што неасэнсаванае ўсведамленне сябе народам – гэта тое, што дае нам магчымасць дамаўляцца. Каб краіна існавала, трэба находзіць супольную мову. І якую ролю будзе адыгрываць нацыянальны складнік – гэта пытанне, якое расцягнецца на гады. Таму калі мы сыходзім з жадання пабудаваць агульную краіну, то пытанне мовы мусіць быць адкладзена. Бо нацыянальная прыкмета дзяржавы – гэта важны, але не адзіны складнік.

Кацярына Дзяйкала дадае, што нацыянальную арыентаванасць і дэмакратычную аснову нельга падзяляць і не трэба супрацьпастаўляць. Разам з тым, Кацярына мяркуе, што ў XXI стагоддзі дзяржава не можа быць пабудавана выключна на нацыянальным базісе. Вяршэнства права і дэмакратычныя каштоўнасці павінны быць тымі краевугольнымі камянямі, на якіх грунтуюцца прынцыпы вырашэння пытанняў (у тым ліку моўных) так, каб суіснаванне людзей у адной дзяржаве было камфортным для ўсіх груп, і ніхто не адчуваў сябе ізгоем. Агульная рамка вяршэнства права якраз і мае на ўвазе павагу любога чалавека і недыскрымінацыю, у тым ліку на падставе мовы.

Каштоўнасці, якіх трэба пазбавіцца

  • Маніпуляцыя дыскурсам каштоўнасцяў: яны існуюць не для таго, каб імі апраўдваць сумнеўныя дзеянні;
  • Бальшавіцкі чалавеканенавісніцкі базіс, які захоўваецца і ў сённяшнім рэжыме. Непрыманне іншага, сістэма “свой-чужы”, ідэя што мэта апраўдвае сродкі. Супрацьвагай гэтаму мусіць быць падзел уладаў і інклюзіўнасць грамадства.
  • Сістэма ўлады, заснаваная на прынцыпе “Мэта ўлады – гэта ўлада”, што тыпова для аўтарытарызму.

Ідэі на мільён: як выдаткаваць рэсурсы на ўмацаванне каштоўнаснага падмурка

  • Сумесны пошук кансэнсусу замест падрыхтоўкі дакументаў ад “А” да “Я”. Чым болей згоды будзе закладзена ў нарматыўныя акты, тым эфектыўней іх будзе магчыма рэалізаваць. Таму важна, каб ужо цяпер розныя групы вялі сэнсавыя дыскусіі і шукалі кансэнсус разам. Для гэтага варта ствараць прастору, каб стымуляваць грамадскую дыскусію пра каштоўнасці.
  • Адукацыя для захавання чалавечага патэнцыялу. Бо ён ёсць галоўным падмуркам будучага развіцця Беларусі, і сёння гэты падмурак размываецца і разбураецца. Таму падтрымліваць і выратоўваць чалавечы патэнцыял – адна са стратэгічных задачаў. Таксама важна, каб розныя адукацыйныя праграмы рыхтавалі грамадства да існавання ў рамках еўрапейскіх каштоўнасцяў.
  • Прапрацоўка шляху еўраінтэграцыі Беларусі. Падрыхтоўка праектаў дакументаў – гэта доўгі працэс. Таму важна з ім не зацягваць, каб было бачна, што перспектыва еўрапейскага сяброўства Беларусі рэальная, і трэба зрабіць толькі апошні крок.
  • Падрыхтоўка судзейскага корпуса да пераходнага правасуддзя. Гэта вельмі тэхнічны юрыдычны працэс, і важна падрыхтаваць ягоную рамку, канцэпцыі адпаведных законаў. Ад таго, як будуць праходзіць працэс аднаўлення справядлівасці і прымірэння, будзе залежыць, якім чынам грамадства каштоўнасна перафарматуецца і пойдзе далей.
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць